БЕЛ Ł РУС

У Дубаі адкрылі першы ў свеце вертыпорт для паветраных таксі

25.08.2026 / 18:17

Nashaniva.com

У Дубаі адкрылі першы ў свеце вертыпорт, спецыяльна прызначаны для камерцыйных перавозак пасажыраў на электрычных аэратаксі. Аб’ект атрымаў назву VDX і размешчаны непадалёк ад міжнароднага аэрапорта Дубая.

Гэты вертыпорт павінен стаць галоўным вузлом будучай гарадской сеткі паветраных таксі. Усяго ў Дубаі плануюць стварыць чатыры такія аб’екты. Яшчэ тры будуюць у раёне Дубай-Марыны, каля Dubai Mall і на Пальме Джумейра.

Чатырохпавярховы VDX займае каля 3100 квадратных метраў. Там ёсць дзве пляцоўкі для ўзлёту і пасадкі, інфраструктура сілкавання і зоны для пасажыраў. Вертыпорт пабудавалі кампанія Skyports Infrastructure і дубайскае ўпраўленне дарог і транспарту.

Аэратаксі Joby Aviation

Перавозкамі плануе займацца амерыканская кампанія Joby Aviation. Яе электрычныя лятальныя апараты здольныя развіваць хуткасць да 320 км/г і пераадольваць да 160 км без сілкавання. Пры гэтым вытворца сцвярджае, што яны значна цішэйшыя за звычайныя верталёты.

Напрыклад, пералёт з аэрапорта Дубая да Пальмы Джумейра павінен займаць усяго каля 10—12 хвілін, тады як на аўтамабілі праз загружаныя дарогі гэтая паездка можа доўжыцца амаль гадзіну. Заказваць аэратаксі пасажыры змогуць праз мабільны дадатак.

Паводле разлікаў Skyports, пасля поўнага запуску вертыпорт зможа абслугоўваць каля 170 тысяч пасажыраў за год. Аднак перад пачаткам камерцыйных палётаў яшчэ неабходна закончыць сертыфікацыю лятальных апаратаў Joby.

Першыя рэгулярныя камерцыйныя рэйсы ў Дубаі плануюць запусціць да канца 2026 года. Надалей улады маюць намер пашыраць сетку вертыпортаў і павялічваць колькасць электрычных паветраных таксі.

Чытайце таксама:

У Вялікабрытаніі праз тры гады запусцяць першую сетку аэратаксі

У ЗША пачалі збіраць першыя лятаючыя аўтамабілі

Geely пачынае вытворчасць прататыпаў аэратаксі

Праз дзесяць гадоў лятаючыя аўто стануць звычайнай з'явай. А першае аэраэлектратаксі з'явіцца ўжо ў 2025

У Вялікабрытаніі прайшлі выпрабаванні першага аэратаксі

Каментары да артыкула