«Пакуль што на пенсію жыць не збіраюся». Паэт Сяргей Сыс — пра сыход з «Вясны», працу клінерам у Літве, каханне і сэкс у 65
Журналіст і паэт Сяргей Сыс адпрацаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна» 17 гадоў. Туды яго калісьці запрасіў даўні сябар — Алесь Бяляцкі, з якім яны знаёмыя яшчэ з юнацтва. Пазней Бяляцкі стаў хросным бацькам яго дачкі і двойчы быў сведкам на вяселлях Сыса. Летась Сяргей стаў майстрам у клінінгавай кампаніі. У «Вясне» развітанне з ім патлумачылі тым, што ён не хацеў працаваць і пачаў выпіваць.
У вялікім інтэрв’ю «Белсату» ён расказаў, як перажываў страту звыклай працы і пачынаў жыццё амаль што нанова, што дапамагло яму пераадолець дэпрэсію, а таксама адкрыта паразважаў пра алкаголь, здраду, якую даравала жонка, і каханне, праз якое ён другі раз трапіў у псіхіятрычную бальніцу.
«Крыўдна было першыя два месяцы»
У Літве Сяргей Сыс жыве з чэрвеня 2022 года. Да гэтага была амаль гадавая дарога з Беларусі. Улетку 2021‑га ён выехаў і каля двух месяцаў хаваўся ў Расеі. Пашпарта ў яго не было — дакумент, паводле Сыса, забралі на допыце ў Следчым камітэце. Ён кажа, што знаходзіўся ў вышуку, таму нават звычайная паездка магла абярнуцца праблемамі. Жыццё звузілася да чужых кватэр і кароткіх выхадаў па прадукты.
«Ты вечарам выходзіш, акуляры ад сонца, кепачку насунуў, забег у краму, узяў прадуктаў — і зноў сядзіш як у турме», — успамінае ён. У нейкі момант Сыс пачаў баяцца, што так і застанецца там надоўга.
Потым удалося дабрацца ва Украіну. Спачатку, кажа Сыс, была сапраўдная эйфарыя, але праз некалькі месяцаў назапашаны стрэс наздагнаў — пачаліся дэпрэсіўныя станы. Украінскія праваабаронцы дапамаглі знайсці доктара і лекі. Пачатак поўнамаштабнай вайны заспеў Сыса ў санаторыі ў Карпатах. У Чарнігаў, дзе ён жыў, вярнуцца ўжо не змог: горад быў у аблозе, мост цераз Дзясну разбураны. Потым былі Польшча, Германія, творчая рэзідэнцыя ў Памераніі і, нарэшце, Вільня — там знаходзіўся офіс «Вясны».
З гэтай арганізацыяй была звязаная значная частка прафесійнага жыцця Сыса. Паводле адукацыі ён настаўнік беларускай мовы і літаратуры, паспеў папрацаваць у школе, быў ваенруком, пасля пайшоў у журналістыку — працаваў у рэгіянальнай прэсе, «Гомельскай праўдзе», на FM-радыё і тэлебачанні.
У 2007 годзе Сыс пераехаў з Гомеля ў Мінск і шукаў працу. Ужо амаль уладкаваўся намеснікам рэдактара часопіса «Ахова працы», калі патэлефанаваў Алесь Бяляцкі: у «Вясне» з’явілася месца. Сыс выбраў праваабарончы цэнтр.
З Бяляцкім іх звязвала не толькі праца. Яны знаёмыя яшчэ з юнацтва, разам вучыліся, шмат ездзілі па Беларусі. Бяляцкі хрысціў дачку Сыса і быў сведкам на двух ягоных вяселлях — спачатку на першым, а праз гады і на шлюбе з Галінай Дубянецкай.
Алесь Бяляцкі трымае вянец падчас вянчання Сяргея Сыса і Галіны Дубянецкай. Фота: Сяржук Сыс, Facebook.com
Пасля другога вяселля Бяляцкі, паводле Сыса, пажартаваў: «Сяргей, трэцяга разу не будзе! Хопіць, ужо не магу быць сведкам на ўсіх тваіх вяселлях».
Цяпер Сыс піша кнігу ўспамінаў пра сябра — пераважна пра часы яшчэ да «Вясны» і Нобелеўскай прэміі.
Але праз 17 гадоў Сяргея, з яго слоў, звольнілі з «Вясны». Ён кажа, што ўнутры арганізацыі гэта тлумачылі тым, што ён не хацеў працаваць і пачаў выпіваць.
«Рада сказала, што «Сяргей усё, Сяргей не хоча працаваць, Сяргей запівае…». Вось так «Вясна» гаворыць», — пераказвае ён.
З такой ацэнкай Сыс не пагаджаецца. І расказвае, як незадоўга да звальнення сур’ёзна ўпаў з ровара і разбіў галаву. Цікавімся, ці быў ён тады цвярозы.
«Выпіў піва», — прызнаецца Сыс.
Пасля падзення ён два дні правёў у шпіталі. Потым, паводле яго, яшчэ доўга балела і кружылася галава. Праз праблемы са страхавымі ўнёскамі аплачванага бальнічнага ён не атрымаў і тры месяцы фактычна сядзеў дома без працы. Менавіта ў гэты перыяд скончылася і ягоная праца ў «Вясне».
«Крыўдна было першыя два месяцы. Дома ляжу, працы няма. Літоўцы дапамагалі з ежай, бо я хадзіць асабліва не мог. Кружылася галава моцна. І на лекі шмат пайшло грошай», — успамінае ён.
З Бяляцкім тэму звальнення падрабязна не абмяркоўвалі.
«Мы пра гэта не размаўляем», — кажа Сыс.
Сяброўства, падкрэслівае ён, захавалася.
Пасля 17 гадоў у адной арганізацыі перад Сысам паўстала значна больш прыземленае пытанне: за што жыць. Знаёмыя літоўцы прапанавалі будоўлю — 60 еўра за дзень. Катэджы за горадам, траншэі, фундаменты.
Сыс пагадзіўся, але вытрымаў толькі месяц.
«Ручкі баляць, ножкі баляць, паясніца баліць. Я разумею, што я надарвуся тут», — кажа ён.
Яшчэ некалькі тыдняў прасядзеў дома і напісаў у Telegram, што шукае працу. Патэлефанавалі з клінінгавай кампаніі і спыталі, ці ўмее ён прыбіраць.
«Што там умець? Ха-ха-ха! Што там умець?» — успамінае сваю рэакцыю Сыс.
«У клінінгу ўжо год»
Вельмі хутка высветлілася, што ўмець трэба шмат. Першыя два тыдні Сыс працаваў разам з больш дасведчаным супрацоўнікам. Той тлумачыў, чым адрозніваецца прафесійная хімія, дзе патрэбныя кіслотныя сродкі, дзе шчолачныя, што можна наносіць на пэўную паверхню, а што яе сапсуе.
Аднойчы Сыс ледзь не знішчыў дарагую раму ў новым катэджы. На чорнай паверхні засталася фарба. Ён узяў растваральнік — фарба сышла, але замест яе з’явіліся белыя разводы.
«Уяўляеш: новы катэдж, гіганцкае акно такое — тры на шэсць метраў. І белыя разводы! І ўсё! Што я нарабіў?!» — успамінае ён.
Давялося тэрмінова тэлефанаваць дырэктару. Той прыехаў і дапамог выправіць сітуацыю.
Паступова страх памыліцца ператварыўся ў азарт. Сысу спадабалася, што клінінг патрабуе не толькі фізічнай працы.
Кожны аб’ект — новая задача: як зняць клей, чым ачысціць фарбу, што зробіць хімія з гэтай паверхняй, як атрымаць вынік і нічога не сапсаваць.
«Ты кожны дзень сутыкаешся з нечым новым і трэба знаходзіць выйсце асцярожна, каб не нашкодзіць. Як даследчык які-небудзь, хімік, біёлаг», — кажа ён.
Цяпер Сыс ужо сам добра ведае, чым і дзе працаваць. Бываюць новыя катэджы з трыма дзясяткамі вокнаў — пасля будаўнікоў на іх застаюцца клей, фарба, мантажная пена, тынкоўка. Бываюць наступствы затапленняў і пажараў. Пасля пажару, кажа ён, сажа настолькі ўядаецца ў паверхні, што патрэбныя спецыяльныя пыласосы і хімія. Ёсць і сацыяльныя замовы — напрыклад, прыбраць жыллё адзінокага чалавека, які ўжо не можа зрабіць гэта сам.
Даводзілася заходзіць у кватэры пасля смерці. Аднойчы — пасля самагубства, калі трэба было вынесці амаль усё: мэблю, рэчы, цалкам ачысціць памяшканне.
«Усю працу з задавальненнем раблю, любую. Таму што я гляджу адразу на вынік: што я гэта зрабіў. І шмат чаго складана зрабіць, а я гэта зрабіў! І ў мяне задавальненне ўнутранае», — кажа ён.
Прыкладна праз паўгода Сыс стаў майстрам. Цяпер сам падбірае людзей пад аб’ект, размеркоўвае працу, вучыць навічкоў і адказвае за тэрміны. І тут нечакана спатрэбілася яго першая прафесія.
«Сам працуеш — хочаш працаваць, а тут трэба хадзіць як шэф: гэта вазьмі, тое зрабі. Ці праз кожныя пяць хвілін: «А можна гэта зрабіць так?» Але цікава таксама вучыць людзей. Я ж настаўнік па прафесіі», — кажа ён.
Ёсць у новай працы і яшчэ адна асабістая перамога. З маладосці Сыс панічна баяўся вышыні. У 1983 годзе аднойчы палез на высокую цагляную вежу, падняўся прыкладна да сярэдзіны, паглядзеў уніз і ледзь змог спусціцца.
«Я злазіў 30 хвілін і крычаў: «Ратуйце!», таму што ногі калоцяцца», — успамінае ён.
У клінінгу высокія вокны і лесвіцы — звычайная частка працы. Пазбегнуць іх не атрымалася.
Новая праца дала і тое, чаго Сыс раней, паводле яго, не меў, — добры заробак. Пасля падаткаў атрымліваецца больш за дзве тысячы еўра, часам 2300—2400.
Цяпер Сыс нават думае, што праз два-тры гады мог бы адкрыць невялікую клінінгавую кампанію. Буйным фірмам цікавейшыя прамысловыя аб’екты, а прыватныя дамы і невялікія катэджы, лічыць ён, — ніша, у якой можна працаваць самому.
«Наконт дэпрэсіі — вельмі цудоўна працуе»
Клінінг для Сыса — не толькі грошы. Ён некалькі разоў вяртаецца да думкі, што новая праца дапамагла яму псіхалагічна.
З дэпрэсіяй ён сутыкнуўся яшчэ пасля ўцёкаў з Беларусі. У Вільні стан пагоршыўся: не мог спаць, а вечарам у галаве зноў і зноў круціліся адны пытанні.
«Я не мог спаць. У мяне былі навязлівыя думкі: калі я дамоў вярнуся? А тут памру… Што будзе са мной далей?» — успамінае Сыс.
Урэшце ён трапіў у псіхіятрычную бальніцу. Там Сыса асабліва ўразіла колькасць маладых літоўцаў. Людзі па 17, 20, 22 гады, якія вучацца, працуюць, сядзяць з ноўтбукамі, але пры гэтым прыходзяць па дапамогу, не чакаючы поўнага зрыву.
«Яны дбаюць пра сваё псіхічнае здароўе. А мы ўжо чакаем, калі гэты певень клюне ў цемя», — кажа ён.
Былі заняткі з псіхолагам, лёгкая гімнастыка, майстэрні. Але цяпер Сыс лічыць, што яшчэ адным моцным сродкам стала праца. Калі перад табой канкрэтная задача, ёсць тэрмін, брыгада і адказнасць, значна цяжэй гадзінамі перабіраць у галаве адны і тыя ж думкі. Да вечара дадаецца звычайная фізічная стомленасць.
Яшчэ адзін антыдэпрэсант — хадзіць пешшу. Сыс любіць доўга шпацыраваць па Вільні, паказваць горад іншым.
Важныя і людзі. У клінінгу ён апынуўся ў інтэрнацыянальнай кампаніі: беларусы, літоўцы, узбекі, індусы, грузіны. На працы давялося больш размаўляць па-літоўску, бо заказчыкі — пераважна літоўцы. Побач працуюць мусульмане, якія сярод дня могуць раскласці дыванок і памаліцца.
«Ну, трэба яму пяць хвілінак памаліцца свайму Алаху», — кажа Сыс.
Для яго гэта таксама частка новага жыцця: пасля 60 можна вывучаць мову, знаёміцца з новымі людзьмі і раптам знайсці прафесію, пра якую раней нават не думаў.
«Я ўжо баюся закахацца»
Пра сям’ю Сыс гаворыць шмат і вельмі асабіста. У яго чацвёра дзяцей — тры дачкі і адзін сын. Трое з іх нарадзіліся ў шлюбах. Адна дачка па-за ім, пра яе існаванне ён даведаўся толькі праз пяць гадоў пасля яе нараджэння.
У эміграцыі, разам з Сяргеем, толькі яго малодшая дачка, якая нарадзілася ў шлюбе з Галінай. Да сябе Сыс забраў яе, калі той было 15 гадоў. Ён кажа, што сама неабходнасць пра кагосьці клапаціцца моцна дапамагала падчас дэпрэсіўнага стану.
Цяпер яго дачцэ 20 гадоў. Яна паралельна скончыла ліцэй у Варшаве і гімназію ў Літве, пасля працавала на аптовым складзе, клеіла этыкеткі на імпартныя тавары. Назапасіўшы грошай, вырашыла паехаць падарожнічаць па Еўропе. Калі ў Францыі грошы скончыліся, пайшла працаваць на палі. Потым паехала ў Нідэрланды і вырашыла застацца там.
Дачка займаецца мастацтвам. Адну са сваіх карцін, паводле Сыса, прадала ў ЗША за 400 долараў. У яе ёсць хлопец-галандзец і кот.
«Кот — гэта ўжо сімвал нейкай супольнасці паміж імі. Не кінуць жа яны яго», — жартуе Сыс.
Галіна тым часам жыве ў Беларусі і раз на год прыязджае да мужа ў Літву. Апошні раз яна правяла ў Вільні ўсе дазволеныя 90 дзён.
«Я быў проста самы шчаслівы чалавек на свеце. Сям’я з’явілася», — кажа ён.
Калі яны ў розных краінах, перапісваюцца амаль увесь дзень.
«І ноччу, і днём. Па 100—150 паведамленняў, абменьваемся здымкамі. Яна не проста жонка, яна яшчэ сябар. У нас няма таямніц. Ніводнай», — кажа Сыс.
Але ў гісторыі іхнага шлюбу ёсць і здрада, пра якую журналісты пытаюць паэта. У эміграцыі ён моцна закахаўся ў іншую жанчыну.
«У мяне каханне было да гэтай жанчыны вельмі моцнае. Я хачу, каб ты гэта напісала», — кажа ён.
Пры гэтым падкрэслівае: жонку любіць і ніколі не пераставаў любіць.
«Я вельмі люблю сваю жонку. Я яе абажаю. Яна не проста жонка, яна яшчэ сябар», — расказвае ён.
Ці можна, любячы аднаго чалавека, закахацца ў іншага?
«Можна. Так, канечне», — адказвае ён.
Галіна пра раман ведала і, паводле Сыса, даравала. Некаторы час яны размаўлялі пераважна пра побыт і дачку, пасля блізкасць паступова вярнулася.
«Даравала, бл*ха. Я малюся на яе, не чакаў», — кажа ён.
Свае адносіны з той жанчынай Сыс называе «хіміяй». Яна магла раптоўна праехаць некалькі сотняў кіламетраў з Польшчы ў Вільню і пазваніць ужо каля дома.
«Ты што робіш?» — «Дома сяджу». — «Плаўкі бяры, ручнік, на мора паедзем». Я кажу: «Што такое?» — «Я ўжо ў тваім пад’ездзе»», — успамінае Сыс.
У той час ён асабліва шмат пісаў — дзясяткі вершаў, ледзь не асобную кнігу.
А потым адносіны скончыліся гэтак жа рэзка. Напярэдадні дня народзінаў Сыс збіраўся ехаць у Польшчу. Яго там чакалі, ужо былі падарункі. Уначы прыйшло кароткае паведамленне: «Не прыязджай больш ніколі». Пасля гэтага ён другі раз трапіў у псіхіятрычную бальніцу.
«Я не думаў ні пра што, толькі боль. Я спаць не магу, у мяне страшная фізічная боль! Нават не маральная, а фізічная. І вось гэта так замкнула шасцяронку ў галаве — і ўсё», — кажа ён.
Прымаў антыдэпрэсанты. На тое, каб сапраўды адпусціла, спатрэбіўся прыкладна год.
«Цяпер я ўжо баюся закахацца. Вельмі баюся. Каб зноў што-небудзь не было», — прызнаецца Сыс.
А праз некалькі хвілін той самы чалавек кажа:
«Гэты свет выратуе каханне, толькі яно».
Для Сыса каханне — не абавязкова толькі вялікі раман. Гэта магчымасць узяць чалавека за руку, разам пайсці па горадзе, паказаць любімае месца, ведаць, што цябе нехта чакае.
«Правесці час з жанчынай разам — гэта вельмі моцны антыдэпрэсант», — кажа ён.
Пра сэкс пасля 60 Сыс таксама гаворыць без асаблівага збянтэжання.
«Ёсць. Нармальна ўсё. І нават з гадамі яшчэ больш хочацца, я не ведаю чаму. Цяпер такое, канечне, радзей здараецца, але ж ёсць! Дарэчы, тая каханка адкрыла мне шмат у гэтым плане, бо прыкладна да 50 гадоў сэкс быў для мяне па-камсамольску, а пасля ўсё змянілася», — адказвае паэт.
Сысу амаль 65 гадоў, ён хутка стане афармляць у Літве пенсію. Паводле яго, з беларускага стажу ў Літве ўлічваюцца толькі гады, адпрацаваныя яшчэ да незалежнасці Беларусі. Колькі ў выніку атрымаецца сума, ён пакуль не ведае, але дакладна не будзе вялікай — некалькі соцень еўраў.
«Пакуль што на пенсію жыць не збіраюся. А як будзе ўжо сіл не хапаць — у мяне яшчэ ёсць літаратура», — кажа Сыс.
Ён працягвае працаваць, думае пра ўласную клінінгавую кампанію і піша кнігі. Нядаўна выйшла «Пералёт-трава» — пра вымушаную эміграцыю з Беларусі праз Расею, Украіну, Польшчу, Нямеччыну і Літву. У аповесці «За частаколам» Сыс піша пра псіхічныя станы эмігрантаў — трывогу, пачуццё віны, панічныя атакі і дэпрэсію, параўноўвае досвед псіхіятрычнай дапамогі ў Беларусі і Літве. У кнігу таксама ўвайшлі апавяданні і кароткія жыццёвыя гісторыі.
Калі новая праца аўтара гэтай кнігі прымушае яго залезці на лесвіцу і стары страх вышыні ўсё ж нагадвае пра сябе, у Сыса ёсць простае правіла.
«Цяпер проста гляджу на неба, не ў зямлю. Альбо на вокны», — падсумоўвае ён.