БЕЛ Ł РУС

Маладая мінская грумерка пакінула дзяцей у бабулі і паехала ў Чалябінск у лабараторыю па вырабе наркотыкаў

26.08.2026 / 13:01

Nashaniva.com

Настасся Герасімовіч спачатку сама балавалася наркотыкамі, а пасля атрымала прапанову, ад якой не змагла адмовіцца.

Настасся Герасімовіч. Фота: vk.com

Чалябінскі абласны суд вынес прысуд па справе аб стварэнні буйной наркалабараторыі. Сярод асуджаных — беларуска Настасся Герасімовіч, якая раней працавала грумеркай (стрыгла хатніх жывёл). На «Анлайнеры» ў яе высокі бал — 4,8 — за дзясяткі выкананых заказаў.

Ад курсаў грумінгу да наркалабараторыі

36‑гадовая Настасся Герасімовіч была зарэгістраваная ў Баранавіцкім раёне, а фактычна жыла ў Мінску. У яе вышэйшая адукацыя, яна ў разводзе, з дваімі малымі дзецьмі. Перад ад'ездам з Беларусі Настасся пакінула дзяцей сваёй маці — у сваіх паказаннях у судзе яна сцвярджала, што паехала ў Маскву на курсы грумінгу, якія ёй нібыта паабяцаў аплаціць знаёмы.

Паводле версіі абароны, менавіта гэты знаёмы і яго сябар пасля падманам і пад пагрозамі прымусілі Настассю працаваць у падпольнай лабараторыі па вырабе наркотыку мефедрону ў Чалябінскай вобласці. Герасімовіч запэўнівала суд, што спецыяльна псавала абсталяванне і паведаміла каардынаты лабараторыі знаёмаму аператыўніку ў Беларусі, каб дапамагчы раскрыць злачынства.

Суд гэтую версію адхіліў як непраўдзівую. У прыгаворы адзначаецца, што Герасімовіч добраахвотна і свядома ўвайшла ў склад арганізаванай групы дзеля заробку, вольна перамяшчалася па горадзе (яе бачылі ў гандлёвым цэнтры), пастаянна атрымлівала на банкаўскія карты пераводы ад невядомых асоб, актыўна перапісвалася з калегамі пра ход «варкі» наркотыку і нават прапаноўвала ўдасканаленне абсталявання.

Настасся Герасімовіч. Фота: vk.com

Схема і лабараторыя

Адным з кіраўнікоў групы быў расіянін Аляксей Ступін, ён падбіраў кадры на вытворчасць. Менавіта Ступін у канцы 2023 года ў Мінску завербаваў Герасімовіч і яшчэ дваіх беларусаў (у прысудзе іх імёны засакрэчаныя) для працы «лабарантамі» — за абяцаныя $500 за кожны выраблены кілаграм мефедрону, а пазней Герасімовіч персанальна прапанавалі $2000 за адзін цыкл «варкі». Ступін аплаціў ім авіябілеты з Масквы ў Чалябінск і перадаў грошы на бытавыя выдаткі.

У студзені 2024 года трое беларусаў прыехалі ў горад Міас Чалябінскай вобласці, дзе знялі кватэру. Хімічныя рэактывы для вытворчасці забралі з гаража ў суседнім горадзе, а саму лабараторыю размясцілі ў дамку на садовым участку — з рэактарам, вентыляцыяй і спецыяльным абсталяваннем, замаскіраваным пад звычайную гаспадарчую пабудову. Герасімовіч і яе саўдзельнікі вырабілі мефедрон агульнай масай не менш за 18,3 кілаграма.

28 лютага 2024 года паліцыя правяла ў лабараторыі ператрус і арыштавала Герасімовіч разам з двума саўдзельнікамі, канфіскаваўшы гатовы наркотык, рэактар і хімічнае абсталяванне.

Ступін, які да таго часу каардынаваў працу лабараторыі на адлегласці, знаходзячыся на Балі, быў затрыманы толькі праз месяц, калі вярнуўся ў Расію рэйсам з Дубая.

Прысуд

Высветлілася таксама, што раней, яшчэ ў Беларусі, Герасімовіч каралі за набыццё і захоўванне наркотыкаў. Тады яна атрымала два гады калоніі, але з адтэрміноўкай выканання — праз наяўнасць малых дзяцей.

Чалябінскі абласны суд прызнаў Ступіна і Герасімовіч вінаватымі паводле часткі 5 артыкула 228.1 Крымінальнага кодэкса Расіі (незаконная вытворчасць наркотыкаў арганізаванай групай, у асабліва буйным памеры).

Ён атрымаў 16 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму, беларусцы далі 10 гадоў у калоніі агульнага рэжыму.

Настасся Герасімовіч. Фота: vk.com

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула