БЕЛ Ł РУС

Беларуская дызайнерка стварыла модную сукенку для індыйскай мадэлі. А ў Індыі вырашылі, што тая проста абгарнулася ў сцяг

26.08.2026 / 13:27

Ідаля Салавей

У Індыі разгарэлася дыскусія вакол сукенкі, створанай беларускай дызайнеркай Дар'яй Чармашэнцавай. Убор у колерах індыйскага трыкалора надзела актрыса і мадэль Урвашы Раўтэла. Некаторыя карыстальнікі сацсетак палічылі, што такое выкарыстанне нацыянальнай сімволікі можа супярэчыць правілам абыходжання з дзяржаўным сцягам. Сама Раўтэла настойвае: сукенка не капіруе сцяг, а толькі натхнёная ім.

Урвашы Раўтэла ў сукенцы беларускай дызайнеркі Дар’і Чармашэнцавай. Фота: VishalMYadav_ / Х

Урвашы Раўтэла (Urvashi Rautela) — індыйская актрыса, мадэль і пераможца конкурсаў прыгажосці. У 2015 годзе яна прадстаўляла Індыю на конкурсе «Міс Сусвет». 23 жніўня Раўтэла была ў журы фіналу Miss Universe India 2026 у Джайпуры. Там яна і з'явілася ў сукенцы беларускай дызайнеркі.

Як піша індыйскае выданне Dainik Bhaskar, убор быў выкананы ў аранжавым, белым і зялёным колерах, а на поясе размяшчаўся сіні круглы элемент, падобны да чакры Ашокі — кола ў цэнтры дзяржаўнага сцяга Індыі. Сукенка мела доўгі шлейф, які ляжаў на падлозе.

Пасля з'яўлення фатаграфій у сацсетках частка карыстальнікаў раскрытыкавала ўбор. Справа ў тым, што ў Індыі дзейнічаюць строгія правілы выкарыстання дзяржаўнага сцяга. Паводле індыйскага заканадаўства аб абароне нацыянальнага гонару, дзяржаўны сцяг нельга выкарыстоўваць як частку адзення або ўніформы, а таксама вышываць ці друкаваць яго на матэрыяле для адзення. Акрамя таго, нельга наўмысна дапускаць кантакту сцяга з зямлёй ці падлогай.

Таму крытыкі звярнулі ўвагу не толькі на падабенства колераў і цэнтральнага элемента сукенкі да індыйскага трыкалора, але і на яе доўгі шлейф, які дакранаўся да падлогі. Пры гэтым паведамленняў пра тое, што індыйскія ўлады прызналі ўбор парушэннем заканадаўства, няма.

Раўтэла ў адказ заявіла, што сукенка задумвалася як прызнанне ў любові да краіны.

«Я нашу сваю краіну з сабой не проста як нацыянальнасць, але як частку сваёй ідэнтычнасці», — патлумачыла яна. Паводле актрысы, ёй хацелася, каб убор не проста паказваў, адкуль яна, але і перадаваў, што для яе значыць Індыя.

Раўтэла падкрэсліла, што сукенка не з'яўляецца копіяй дзяржаўнага сцяга. Паводле яе, пры стварэнні ўбору наўмысна змянілі адценні, прапорцыі і размяшчэнне колераў: гарызантальныя палосы сцяга сталі вертыкальнымі, а чакра ператварылася ў дэкаратыўны элемент. Таксама былі выкарыстаныя бліскаўкі і махры, а аранжавы і зялёны колеры, паводле актрысы, адрозніваюцца ад афіцыйных адценняў індыйскага сцяга.

Як расказала Раўтэла, сукенку стварыла беларуская дызайнерка Дар'я Чармашэнцава (Darya Chermashentseva), якая працуе пад брэндам DASHA Fashion Couture, што базуецца ў Дубаі і спецыялізуецца на люксавым жаночым адзенні. Значная частка рэчаў вырабляецца ўручную ва ўласным атэлье брэнда. Паводле Раўтэлы, праца над сукенкай у колерах індыйскага трыкалора заняла каля трох месяцаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула