БЕЛ Ł РУС

Кіпр пачаў выдаваць беларусам дазволы на жыхарства з пратэрмінаванымі пашпартамі

26.08.2026 / 14:28

Nashaniva.com

Улады Кіпра афіцыйна пацвердзілі, што беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі могуць атрымліваць і працягваць дазволы на жыхарства ў краіне. Адпаведнае адміністрацыйнае рашэнне дзейнічае з мая 2026 года, паведамілі Радыё Свабода ў Офісе намесніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны Кіпра.

У адказ на запыт у Офісе намесніка міністра пацвердзілі, што Міграцыйны дэпартамент Кіпру ўхваліў рашэнне, якое дазваляе грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі атрымліваць або працягваць дазволы на жыхарства.

Кіпрскія ўлады таксама пацвердзілі Свабодзе, што дзеці, народжаныя на Кіпры ў сем’ях, дзе абое бацькоў з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і не могуць атрымаць для дзіцяці беларускі пашпарт, змогуць атрымаць дазвол на жыхарства на падставе выдадзенага на Кіпры пасведчання аб нараджэнні.

«Гэта пацвярджаецца пры ўмове, што абое бацькоў з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі», — адзначылі ў Офісе намесніка міністра ў адказе Свабодзе.

Як удакладнілі кіпрскія ўлады, рашэнне дзейнічае з мая 2026 года. 26 жніўня міграцыйны дэпартамент Кіпру афіцыйна апублікаваў інфармацыю пра новы парадак на сваім сайце.

Такім чынам, афіцыйны адказ кіпрскіх уладаў пацвярджае інфармацыю, пра якую раней паведаміла прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры Алеся Пархоменка.

Яна заявіла, што новы парадак дазволіць не толькі прымаць заявы беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, але і пры выкананні астатніх міграцыйных патрабаванняў выдаваць ім карткі дазволу на жыхарства.

Пытанне пра тое, ці будзе час пражывання на Кіпры з дазволам, выдадзеным на падставе пратэрмінаванага беларускага пашпарта, залічвацца ў тэрмін, неабходны для атрымання грамадзянства, у Офісе намесніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны не ўдакладнілі. У адказе Свабодзе паведамілі, што гэтае пытанне трэба адрасаваць Міністэрству ўнутраных спраў Кіпру, якое мае кампетэнцыю ў пытаннях натуралізацыі.

Пры гэтым застаецца нявырашаным пытанне міжнародных паездак: дазвол на жыхарства не замяняе пашпарт або іншы праязны дакумент і сам па сабе не вырашае праблему выезду за межы Кіпру для беларусаў, якія не маюць дзейных пашпартоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула