«Такіх клоўнаў назбіралася мноства». Ціханоўскі пайшоў у фэйсбук адказваць беларусам
«Я магу рабіць усё што заўгодна. А некаторыя толькі брахаць і смярдзець».
На працягу года пасля вызвалення Сяргей Ціханоўскі быў слаба прадстаўлены ў сацыяльных сетках. Але апошнім часам ён актывізаваўся — завёў сабе ютуб-канал з вершамі, аднавіў доступ да старонкі ў фэйсбуку. Прычым цяпер Ціханоўскі не толькі піша свае допісы, але каментуе чужыя.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі напісаў для «Белсата» калонку пад назвай «Ціханоўскі: ваяваў з рэжымам, зараз будзе весці вайну з медыямі?» і запосціў вытрымкі з яе на сваю старонку ў фэйсбуку.
«Вы напісалі матэрыял, які паказаў, хто вы! На жаль, такіх клоўнаў у СМІ і каля СМІ назбіралася мноства. Матэрыял выглядае заказухай. Калі гэта ваша меркаванне — мне вас шкада. Вы перакруцілі і сказілі факты. Але гэтае балота ўжо ніхто не выратуе)))», — пракаментаваў яго Ціханоўскі.
Ціханоўскаму прапанавалі: «Ну дык працягніце думку: «Насамрэч я…».
«Чытай мой пост, а не клоўна», — адрэзаў палітык.
Калі выказалася былая палітзняволеная Наталля Дуліна — і, хутчэй, падтрымала Ціханоўскага, — Класкоўскі адказаў ёй, што прэтэнзіі да публікацыі ў медыя можна выказваць у адказе, абвяржэнні ці нават падаць у суд, бо гэта нармальны цывілізаваны шлях у адрозненне ад збору нейкага дасье для донараў.
«Я магу рабіць усё што заўгодна. А некаторыя толькі брахаць і смярдзець», — уключыўся ў дыялог Ціханоўскі.
Не прайшоў ён міма і допісу Настассі Касцюговай. Яна паіранізавала, але бадай што па сутнасці таксама падтрымала Ціханоўскага: «Ну ўсё ж бачу пэўную эвалюцыю ў фэйсбуку. Тусоўку Ціханоўскага ў Лос-Анджэлесе аднадушна прызналі даволі сціплай, гэта радуе. Уяўленні аб дазволеным беларусу ўзроўні задавальнення ад жыцця пашырыліся да торціка з колай у Каліфорніі. Прагрэс, на які я і не смела спадзявацца».
«Насця, а пра што допіс? Проста адзначылася? Ці ёсць што сказаць?)))», — звярнуўся да яе Ціханоўскі. Касцюгова адказваць не стала.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі: Ютуб выплаціў мне амаль $40 тысяч рэкламнага даходу, налічанага яшчэ за 2020 год