БЕЛ Ł РУС

У сям'і Міронцавых за палітыку ўжо асудзілі маці і трох сясцёр. А цяпер арыштавалі і мужа адной з сясцёр

27.08.2026 / 20:38

Баляслаў Ліманоўскі

Толькі ў гэтым маі сястру Вераніку і маці Лукер’ю выпусцілі з-пад варты на хатнюю хімію. А Вікторыя і Настасся Міронцавы раней адбылі тэрмін у калоніі за нібыта «гвалт над міліцыянтам».

Дзмітрый Юран. Фота з інстаграма

Дзмітрыю Юрану 39 гадоў. Ён родам з Фаніпаля. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. 

Апошнім вядомым месцам ягонай працы была кампанія, што вырабляла і прадавала фасадную ляпніну і займалася контурнай рэзкай з пенапласту — вырабляла лагатыпы, літары, навагоднія ўпрыгожанні, элементы ўпакоўкі. Мужчына займаў там пасаду менеджара.

Дзмітрый і Вікторыя пабраліся шлюбам летась.

Днямі Дзмітрыя Юрана затрымалі. Наколькі вядома, па крымінальнай справе. Акалічнасці затрымання і справы невядомыя.

Гэта ўжо не першы крымінальны прысуд у сям'і Міронцавых. У жніўні 2020 года сёстры Вікторыя і Настасся заступіліся за людзей падчас жорсткіх затрыманняў ля сталічнага Палаца спорту. За гэта пазней яны атрымалі рэальныя тэрміны ў калоніі: Вікторыю асудзілі на два з паловай гады зняволення, а Настассю — на два гады. Абедзве дзяўчыны цалкам адбылі пакаранне і выйшлі на волю ў 2022 годзе.

Яшчэ адна сястра, Аляксандра, ратуючыся ад магчымага арышту, паспела з'ехаць за мяжу.

Маці Лукер'я Міронцава, якая ўжо на пенсіі, і яе дачка Вераніка, сястра-блізнюк раней асуджанай Вікторыі, заставаліся ў Мінску. У канцы 2025 года сілавікі прыйшлі і за імі. У маі 2026‑га жанчынам прысудзілі па тры гады хатняй хіміі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і выпусцілі з СІЗА.

Чытайце таксама:

Маці і дачка з сям'і Міронцавых выйшлі на волю пасля паўгода ў СІЗА

Каментары да артыкула