БЕЛ Ł РУС

У Мінску цяпер будуюцца шэсць новых гандлёвых цэнтраў. Што за яны?

27.08.2026 / 17:42

Nashaniva.com

У Мінску працуюць дзясяткі гандлёва-забаўляльных цэнтраў, а ў хуткім часе да іх далучыцца як мінімум шэсць новых. Выданне «Анлайнер» праехалася па будоўлях і праверыла гатоўнасць аб'ектаў. Адныя вось-вось адчыняць дзверы, а іншым яшчэ будавацца і будавацца.

Шматфункцыянальны комплекс Sigma на Нямізе

Адкрыццё: 2027 год.

Шматфункцыянальны комплекс мудрагелістай формы будуецца на вуліцы Нямізе, 44. З кожным днём ён усё бліжэй да завяршэння і ўсё больш здзіўляе сваімі фасаднымі рашэннямі. Раней на месцы гэтай шкляной пабудовы была пустка, аднак размяшчэнне ў цэнтры нібы намякала — зямля мусіць выкарыстоўвацца больш прадуктыўна. Участак выставілі на аукцыён у 2018 годзе.

Забудоўшчык «Сігмаполюс» не асабліва распаўсюджваецца пра тое, чым менавіта новы аб’ект пацешыць мінчан, так што застаецца толькі задавальняцца інфармацыяй, якая праслізгвае ў сеціва.

Напрыклад, галоўны архітэктар праекта расказваў наступнае: будынак арыгінальны, з прымяненнем эксклюзіўных тэхналогій, рагі фасада абрамляюць радыусныя вітражы, ёсць унікальныя дэталі накшталт штучнага ручая, які працякае ўздоўж фасада комплексу. Яшчэ адна асаблівасць праекта — эксплуатаваны дах, на якім створаць зялёную зону. Таксама вядома, што прадуктовая крама, якая адкрыецца на першым паверсе, будзе належаць да сеткі Prostore.

«Агульная плошча комплексу — 70 000 квадратных метраў, — расказалі «Анлайнеру» ў кампаніі «Сігмаполюс». — Тры ўзроўні зойме гандлёвы цэнтр, паркінг размесціцца на трох паверхах. У двухпавярховай прыбудове адчыніцца фітнэс-цэнтр і медыцынскі цэнтр. На гэты момант працягваецца ўпарадкаванне тэрыторыі, будаўнікі прыступілі да ўнутранага аздаблення.

Адкрыццё комплексу запланавана на сярэдзіну 2027 года, але ўсё будзе залежаць ад умоў надвор'я. Калі зіма будзе суровай, як у мінулым годзе, будоўлю прыйдзецца прыпыніць. Спіс арандатараў мы пакуль не гатовыя раскрываць, але адзначым, што праект дакладна выкліча цікавасць на мінскім рынку».

Гандлёвы цэнтр на плошчы Багушэвіча (на месцы фабрыкі «Сукно»)

Адкрыццё: 2028 год.

Непадалёк ад Sigma пачалі будаваць яшчэ адзін гандлёвы цэнтр. Ён размесціцца на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Клары Цэткін — на тэрыторыі знесенай раней фабрыкі «Сукно». Дарэчы, не забываемся, што недалёка адсюль знеслі яшчэ і закінутае агароднінасховішча, празванае ў народзе «Лямбда», — на яго месцы таксама плануецца пабудаваць гандлёвы аб'ект. Атрымліваецца, кола на плошчы Францішка Багушэвіча ў будучыні стане літаральна пунктам прыцягнення.

Будоўля на вуліцы Клары Цэткін кіпіць, ад мінулых вытворчых карпусоў не засталося і следу. Яны жывуць хіба што толькі ў памяці мінчукоў.

Будынкі з чырвонай цэглы, якія належалі прадзільнай фабрыцы «Сукно», стаялі тут ажно з 1947 года. У наш час яны доўга былі паўзакінутымі, акружанымі высокім плотам, і не ўпісваліся ў сучасны гарадскі пейзаж. Частку памяшканняў знеслі дзеля метро, астатнія выставілі на аукцыён. У 2023 годзе іх выкупіла кампанія «Мацярык-Інвест».

Што тут адкрыецца? Гандлёва-адміністрацыйны комплекс, які ўключае 12‑павярховы офісны блок, двухпавярховы гандлёвы цэнтр, арэндныя плошчы і шматузроўневую гараж-стаянку. Абяцана і сёе-тое цікавае — гіпермаркет тавараў для дома. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва аб'екта — 46 месяцаў, гэта значыць адкрыецца ён прыкладна ў 2028 годзе. І гэта пакуль уся наяўная інфармацыя: у гандлёвага аб'екта няма сайта, а звязацца з забудоўшчыкам няпроста.

Шматфункцыянальны комплекс на Грушаўцы

Адкрыццё: невядома.

За апошнія дзесяцігоддзі мікрараён Грушаўка проста на вачах мінчукоў перажыў вялікія метамарфозы. Доўгі час запоўнены баракамі і прыватным сектарам, ён ператварыўся ў запатрабаваную лакацыю з сучаснымі шматпавярхоўкамі. Але чаго тут рэальна не хапае, дык гэта гандлёвага цэнтра, у які пацягнуцца шматлікія жыхары новабудоўляў.

Цікава, што горад пра гэтую патрэбу ведаў даўно — яшчэ ў 2018 годзе было вырашана выставіць на аўкцыён участак на скрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава пад будаўніцтва МФЦ. І толькі нядаўна тэрыторыю абгарадзілі, абвясціўшы, што гандлёваму цэнтру быць. Чаму ўсё так зацягнулася? Неабходна было адсяліць сядзібы, якія знаходзіліся на гэтым участку.

Забудоўшчыкам аб'екта пад працоўнай назвай «Шматфункцыянальны адміністрацыйна-дзелавы комплекс з убудавана-прыбудаванымі памяшканнямі грамадскага прызначэння і паркінгам» стане кампанія «ГрандХаўзІнжынірынг», якая паспяхова ўзвяла і рэалізавала комплекс «Квартал на Грушаўцы» — дыхтоўныя карычнева-белыя маналітныя шматпавярховікі проста каля станцыі метро «Грушаўка». Праўда, канкрэтыкі па будоўлі пакуль няма. Вось што паведамілі ў аддзеле продажаў:

«На сённяшні дзень дакладнай інфармацыі пра пачатак будаўніцтва няма. Магчыма, у хуткім часе выйдзем на пляцоўку. Праект праходзіць фінальныя ўзгадненні».

Гандлёва-забаўляльны комплекс Novamall у Сцяпянцы

Адкрыццё: 2028 год.

За апошнія гады Сцяпянка папоўнілася немалой колькасцю новабудоўляў, і іх будаўніцтва працягваецца. Фарміруюцца адразу некалькі кварталаў з дамамі для чаргавікоў. Але атрымліваецца так, што жыллё дадаецца, а інфраструктура — не. У нядаўнім рэпартажы мясцовыя скардзіліся на нястачу садкоў, школ і прадуктовых крам. Дык вось, адна з праблем хутка дакладна вырашыцца — у Сцяпянцы задумалі пабудаваць невялікі, але стыльны гандлёвы цэнтр пад назвай Novamall.

Размесціцца ён на скрыжаванні вуліц Карвата і Сувязістаў, проста каля помніка самалёту Су-7БМ. Пакуль на гэтым месцы красуецца зялёная зона, але хутка пляцоўку абгародзяць, бо пачатак будаўнічых работ запланаваны на кастрычнік 2026 года. Адкрыецца гандлёвы цэнтр няхутка — вясной 2028 года. Але нягледзячы на гэта, забудоўшчык — група кампаній «ТЭНКінвест» — ужо напоўніцу рэкламуе свой праект і шукае арандатараў.

«Novamall — гэта гандлёвы комплекс раённага ўзроўню, — расказалі ў кампаніі. — Яго агульная плошча — 5200 квадратных метраў. Гандлёвы цэнтр уключыць у сябе два ўзроўні з гандлёвай галерэяй, дзіцячы забаўляльны цэнтр, кавярні, рэстараны і паркінг на 190 машына-месцаў».

Нядаўна стаў вядомы прадуктовы аператар — «Суседзі». Крама размесціцца на першым паверсе і зойме плошчу ў 1400 квадратных метраў. Цяпер вядуцца перамовы з брэндамі «Оптыка WDL», Varka, Conte, Respekt, «Мегатоп», Burger King і іншымі. Карацей кажучы, усё гэта дакладна вельмі патрэбна навасёлам.

Гандлёвы цэнтр Mega Park у Каменнай Горцы

Адкрыццё: 2027 год.

Mega Park у Каменнай Горцы — праект вельмі амбіцыйны. Адна назва чаго вартая! А вось будаўніцтва ідзе не вельмі гладка (як жа без гэтага). Чарговае ажыўленне будоўлі адбылося ў жніўні, і трэба спадзявацца, што справа будзе даведзена да канца.

Прыгадаем гісторыю: Mega Park на Казіміраўскай, 12 пачалі будаваць у 2012 годзе і спачатку абяцалі адкрыць у 2017-м, а затым — у 2020-м. Папярэдні інвестар пакінуў аб'ект у напаўгатовым стане, і гораду прыйшлося выставіць лот на таргі. Новая кампанія купіла яго ў 2024 годзе. Перад камандай стаяла задача ацаніць будынак, які прастаяў без руху доўгія гады, і прыняць узважанае рашэнне пра яго лёс. Паралельна з тэхнічнай працай вялася распрацоўка архітэктурнай канцэпцыі і актыўныя перамовы з арандатарамі. І вось, нядаўна работы аднавіліся.

Арандатары праяўляюць цікавасць да праекта — кажуць, 68% плошчаў ужо занята. Якарным арандатарам стане гіпермаркет «Суседзі» плошчай 4500 квадратных метраў. Сярод іншых вядомых брэндаў — універмаг «ЦУД», крамы Koton і Gloria Jeans, кінапрастора mooon. У цэлым адкрыюцца аператары, якіх мы прызвычаіліся бачыць у іншых комплексах.

«Адкрыццё гандлёвага цэнтра Mega Park плануецца ў 2027 годзе», — адзначылі ў кампаніі «Мега-Актыў».

Гандлёвы цэнтр «Праспект» на Прытыцкага

Адкрыццё: 2027 год.

У заходняй частцы Мінска расце яшчэ адзін гандлёвы цэнтр — «Праспект». Ён будуецца на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і Дамброўскай пад кіраўніцтвам кампаніі «ТЭНКінвест». Шкілет будынка ўжо амаль гатовы, але ўсё роўна работ на будаўнічай пляцоўцы наперадзе яшчэ нямала. Ці паспеюць адкрыць новы аб'ект у абяцаным 2027 годзе? Будзе відаць.

«Праспект» пазіцыянуецца як гандлёвы комплекс раённага ўзроўню. Яго агульная плошча — 26 000 квадратных метраў. Будуць два паверхі з гандлёвай галерэяй, а таксама офісныя памяшканні і 500 машына-месцаў. Наведвальнікам абяцаюць крамы з адзеннем, кавярні і іншыя неабходныя рэчы накшталт абменнікаў і аптэк.

«Будаўніцтва ідзе згодна з зацверджаным графікам, — адзначылі ў кампаніі. — У ГЦ ужо пацверджаныя якарныя арандатары: прадуктовы аператар «Санта», фудкорт, дзіцячы забаўляльны цэнтр і вядучыя фэшн-брэнды».

Чытайце таксама:

Беларуска зайшла ў прыбіральню гандлёвага цэнтра і пабачыла там камеры

«Узамен прапанавала кватэру на суткі». Мінчанка расказала пра дзіўную просьбу ў гандлёвым цэнтры

У Мінску да канца года абяцаюць адкрыць велізарны гандлёвы цэнтр, які будуецца ўжо 15 гадоў

Каментары да артыкула