У гістарычным цэнтры Гродна рыхтуюць месцы пад новую забудову
У гістарычным цэнтры Гродна плануюць узвесці два новыя турыстычныя комплексы з гатэлямі, рэстаранамі і іншымі аб'ектамі. На аўкцыён выставілі права арэнды двух зямельных участкаў на вуліцы Вялікая Траецкая тэрмінам на 50 гадоў, піша Domovita.by.
Гродна. Фота з сацсетак
Першы ўчастак, плошчай крыху больш за 5 сотак, знаходзіцца ў раёне дома №59А. Стартавая цана права арэнды — 17 881 рубель. Другі, плошчай больш за 15 сотак, ацанілі ў 52 910 рублёў.
Заяўкі на ўдзел у аўкцыёне будуць прымаць з 31 жніўня да 23 верасня. Пераможцам таксама давядзецца кампенсаваць выдаткі на арганізацыю таргоў і падрыхтоўку дакументаў.
На гэтых участках дазваляецца размясціць гатэлі, матэлі або апарт-камплексы, рэстараны, кавярні, бары, крамы, адміністрацыйныя памяшканні, медыцынскія цэнтры і фізкультурна-аздараўленчыя залы. Такім чынам, інвестар зможа сам вызначыць спалучэнне аб'ектаў.
Пры гэтым забудова павінна адпавядаць патрабаванням ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра Гродна. Вышыня новых будынкаў не можа перавышаць узровень дахаў і канькоў суседніх дамоў, а пляма забудовы — займаць больш за палову ўчастка.
Для ўчастка №53 дадаткова прадугледжана будаўніцтва толькі са скатным дахам і мансардай. Фасады новых будынкаў павінны адпавядаць гістарычнаму абліччу Вялікай Траецкай і гарманічна ўпісвацца ў старую забудову.