Беларуса, які знік у Абхазіі, знайшлі. Ён загінуў
У зніклага мужчыны былі праблемы са здароўем.
Падчас адпачынку ў Гагры знік жыхар Баранавічаў Андрэй Наўмцаў. Ён знаходзіўся ў самаабвешчанай Абхазіі з 11 жніўня, піша Onliner.by.
У ноч на 19 жніўня, каля 2:00, Андрэй выйшаў з гатэля «Каліпса». У чацвер, 27 жніўня, стала вядома, што супрацоўнікі абхазскай міліцыі знайшлі беларуса загінулым. Пра гэта паведаміў пошукава-выратавальны цэнтр «Арыенцір».
Пошукамі 42‑гадовага беларуса займалася Міністэрства ўнутраных спраў Абхазіі.
— Нішто не прадказвала знікнення. На адпачынку ён быў з жонкай і дачкой, проста ноччу выйшаў з гатэля і знік. Жонка вярнулася ў Беларусь, — расказалі журналістам у пошукавым цэнтры «Арыенцір».
Таксама журналісты звязаліся з жонкай Андрэя Марынай. Высветлілася, што ў зніклага мужчыны былі праблемы са здароўем.
— У яго хворае сэрца, ён прымае лекі. Ніякіх канфліктаў у нас да гэтага не было. Ён проста выйшаў прагуляцца ноччу і не вярнуўся. Я пайшла яго шукаць, але не знайшла, пасля чаго адразу звярнулася ў міліцыю. Пры мне тэлефанавалі ў мясцовыя бальніцы — і нічога. Пакуль ніякіх навін пра яго няма.
Учора стала вядома, што мужчыну знайшлі загінулым.