Беларускіх добраахвотнікаў могуць звольніць з украінскага войска, бо яны не могуць аднавіць беларускія пашпарты
Да 10 лістапада ўсе замежныя вайскоўцы, якія служаць у Сілах абароны, павінны прайсці працэдуру легалізацыі.
Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях працы з добраахвотнікамі і іх сем’ямі Анастасія Махамет у каментары «Суспільнаму» распавяла пра прававую пастку, у якой могуць апынуцца беларускія добраахвотнікі ва Украіне, паведамляе тэлеграм-канал Аб'яднанага пераходнага кабінета.
Згодна з новымі нормамі ўкраінскага заканадаўства, да 10 лістапада ўсе замежныя вайскоўцы, якія служаць у Сілах абароны, павінны прайсці працэдуру легалізацыі. Для гэтага неабходна прад’явіць арыгінал дакумента, які пацвярджае асобу.
Аднак частка беларускіх добраахвотнікаў страціла пашпарты падчас службы. Аднавіць іх ва Украіне немагчыма, а вяртанне ў Беларусь для людзей, якія ваявалі на баку Украіны, пагражае крымінальным пераследам.
«У міграцыйным заканадаўстве наўпрост прапісана, што ты павінен прад’явіць арыгінал дакумента. Потым у ДМС робяць копію, ставяць пазнаку, што копія правільная, — і вяртаюць табе арыгінал. Але ты павінен быў прынесці яго і паказаць супрацоўніку службы. А чалавек, у якога фізічна няма пашпарта, не можа ўвайсці ні ў якую працэдуру», — патлумачыла Анастасія Махамет.
Такім чынам, чалавек можа гадамі служыць ва Украіне, але не мець магчымасці выканаць патрабаванні міграцыйнага заканадаўства. Паводле Махамет, ёй вядома як мінімум пра восем выпадкаў страты пашпартоў беларускімі добраахвотнікамі.
Пры гэтым узнікае рызыка, што пасля заканчэння тэрміну легалізацыі такіх вайскоўцаў пачнуць звальняць са службы.
«Неафіцыйна я чула такую пазіцыю шэрагу вайсковых частак: калі нічога не зменіцца, то напрыканцы вызначанага для легалізацыі тэрміну людзей без пашпартоў будуць звальняць. На якой падставе? Асобнае пытанне. Магчыма, ім дазволяць напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні або іх давядзецца звольніць па артыкуле за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Гэта вельмі складанае пытанне, бо ў чалавека няма дакументаў, але проста выгнаць яго з Украіны — ну гэта таксама не вельмі добра», — адзначыла Анастасія Махамет.
Адным з магчымых рашэнняў яна называе ўключэнне ваеннага білета ў пералік дакументаў, якія пацвярджаюць асобу і прававы статус чалавека. Махамет рыхтуе зварот у Міністэрства абароны Украіны, каб высветліць магчымасць такога рашэння.