На МКАД кіроўца страціў за рулём прытомнасць і загінуў
На Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарозе адбылося ДТЗ са смяротным вынікам. Кіроўца, верагодна, страціў прытомнасць за рулём, піша УДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама.
Раніцай 28 жніўня 52‑гадовы кіроўца Nissan ехаў па крайняй паласе ўнутранага кальца МКАД. У раёне 22‑га кіламетра ён рэзка пачаў перастройвацца ў другую паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем Audi.
Кіроўцу Nissan давялося вызваляць з аўтамабіля з дапамогай ратавальнікаў. Медыкі правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але выратаваць мужчыну не ўдалося — ён памёр на месцы. Паводле папярэдніх звестак, падчас руху мужчына страціў прытомнасць.