БЕЛ Ł РУС

37 чалавек загінулі ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці

29.08.2026 / 11:50

Nashaniva.com

Большасць ахвяраў — з пансіяната для пажылых людзей, побач з якім знаходзіўся склад боепрыпасаў.

37 чалавек загінулі, яшчэ 42 параненыя ў выніку ўдараў па Кіеўскай вобласці 28 жніўня. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Цімур Ткачэнка.

Паводле яго слоў, сярод загінулых — кіраўнік Дзмітраўскай грамады Тарас Дзідзіч.

«Паводле звестак, траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 42 чалавекі, з іх чацвёра дзяцей. Усім аказана кваліфікаваная дапамога, сем пацярпелых шпіталізаваныя», — дадаў Ткачэнка.

Эвакуяваныя каля 380 чалавек.

Удар пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале і Уладзімір Зяленскі.

«Быў удар па складзе з наступнай дэтанацыяй. На жаль, ёсць значныя разбурэнні навакольнай інфраструктуры: пашкоджаныя жылыя дамы, пансіянат для пажылых людзей і людзей з інваліднасцю», — напісаў прэзідэнт Украіны.

Расійскае Міністэрства абароны сцвярджае, што была атакаваная вёска Мілая, дзе знаходзіўся склад боепрыпасаў. На ім, паводле расійскага Мінабароны, «захоўваліся дэталі і стартавыя паскаральнікі для беспілотных лятальных апаратаў вялікай далёкасці FP-1/FP-2».

Незалежных пацвярджэнняў гэтай інфармацыі няма.

Прэм’ер-міністр Украіны Сяргей Карэцкі параўнаў тое, што адбылося ў Мілай, з выбухам і наступным пажарам у Вішнёвым 6 ліпеня, дзе быў атакаваны склад боепрыпасаў, размешчаны недалёка ад жылых дамоў. Ён заявіў пра «злачынную халатнасць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула