У Барысаве знайшлі каўбасу з манетамі для сабак — валанцёры б'юць трывогу
У Барысаве выявілі новыя спробы атручвання свойскіх ды бяздомных жывёл. У мікрараёне па вуліцы Брылёўскай мясцовыя жыхары знайшлі кавалкі каўбасы, начыненыя манетамі.
Гэта не першы такі выпадак у горадзе. Напрыканцы красавіка ў суседнім мікрараёне Лядзішча-2 невядомыя раскідвалі мармелад з рыбалоўнымі кручкамі ўнутры — тады адзін сабака загінуў у пакутах, яшчэ некалькіх з цяжкасцю выратавалі, піша «Мінская праўда».
Сёння валанцёры зноў б'юць трывогу. Новыя небяспечныя знаходкі, але гэтым разам — на Брылёўскай вуліцы.
Валанцёрка Аляксандра, якая ратуе бяздомных жывёл у Барысаве, пацвердзіла інфармацыю пра новую знаходку.
— На гэты раз знайшлі не мармелад, а каўбасу з манетамі ўнутры. Месца — Брылёўская. Мы ўжо пісалі заявы ў міліцыю па факце першай хвалі атручванняў, і вось цяпер — паўторная атака, — распавяла Аляксандра.
Пра тое, што будзе заведзена справа, Аляксандра заяўляла яшчэ ў канцы красавіка пасля першай хвалі.
Але цяпер валанцёры бачаць, што злачынец (той жа ці нехта іншы) працягвае дзейнічаць.
Пакуль валанцёры рыхтуюць дакументы, жыхарам Барысава, асабліва ў раёнах Лядзішча-2 і Брылёўскай, трэба быць вельмі ўважлівымі падчас выгулу гадаванцаў.
У міліцыі заклікаюць пры выяўленні падазроных прадметаў паведамляць праз тэлефон 102.