«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў
Баранавіцкая сярэдняя школа №1 імя Сяргея Грыцаўца апублікавала ў сваім Instagram-акаўнце патрабаванні да вонкавага выгляду вучняў. Навіна выклікала шквал абурэння ў сацсетках.
Спіс патрабаванняў для хлопцаў і дзяўчат адрозніваецца.
У хлопцаў валасы павінны быць акуратнымі, чыстымі, а іх даўжыня не павінна закрываць вушы і вочы.
Экстравагантныя і яркія прычоскі, а таксама фарбаванне валасоў у розныя колеры цалкам забараняюцца.
Трапілі пад забарону галенне і выстрыганне ўзораў на галаве.
Асобна забаронена выкарыстоўваць гель, лак і іншыя сродкі для ўкладкі, якія надаюць «занадта заўважны выгляд».
Доўгія валасы ў дзяўчат абавязкова мусяць быць сабраныя ў хвост або касу.
Забараняецца ўпрыгожваць вушы занадта буйнымі завушніцамі і іншымі кідкімі вырабамі.
Пад забаронай макіяж, манікюр з яркім пакрыццём і буйныя аксесуары, якія прыцягваюць увагу.
Каментары да паста ў профілі школы закрытыя, аднак беларусы актыўна абмяркоўваюць навіну ў Threads.
«Дзеці з кучаравымі валасамі аўтаматычна міма гэтай цудоўнай установы, я так разумею».
«У сэнсе галіцца нельга? А калі ў майго ў 15,5 гадоў ужо вусы і барада? Хаця чаго я перажываю, сын кучаравы, яго і так не пусцяць».
«Адразу згадаліся рэпартажы з Паўночнай Карэі і іх дзяржаўныя стэнды з ухваленымі партыяй фрызурамі. 2026 год на дварэ, а дзяцей спрабуюць загнаць у аднолькавыя шаблоны па малюнках».
«Многія бацькі самі хацелі б, каб сын зрабіў стрыжку і не хадзіў з валасамі да плячэй, але не могуць дамовіцца з падлеткам».
«Будзь як усе, не высоўвайся, зліся з натоўпам, не паказвайся, не самавыяўляйся, сядзі ціха, будзь непрыкметным… Вось прыкладна такі вайб ад карцінкі».
«Калі ўжо ўвядуць адзіную форму і атрыбуты для настаўнікаў, дый для прычосак патрабаванні таксама».
«Заўтра скажуць: прыгніся, ты занадта высокі; пахудзей, ты занадта тоўстая; а ты ў школу не хадзі, ты аблавухі».
«Баранавічы вырашылі адкрыць астравок Паўночнай Карэі ў сябе?»
«Дзякуй богу, што цяпер ацэньваюць веды майго дзіцяці, а не адзенне і колер валасоў. Самым правільным рашэннем было з'ехаць з Беларусі».
«Калі ўсё сутнаснае і змест адукацыі коціцца з хуткасцю святла ў тартарары, у людзей спрабуюць адцягнуць увагу шляхам зацыкленасці на форме. Фанцік важнейшы за цукерку».