БЕЛ Ł РУС

На могілках у Мінску знеслі старыя крыжы і агароджы. Замест іх ставяць безаблічныя бетонныя падгалоўнікі

1.09.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Лошыцкія могілкі сталі чарговым аб'ектам камунальнага добраўпарадкавання ў сталіцы. Там дэмантуюць і ўтылізуюць помнікі і каваныя крыжы сярэдзіны мінулага стагоддзя, усталёўваючы на іх месцы стандартныя бетонныя падгалоўнікі, якія не захоўваюць ні фотаздымкаў, ні рэлігійнай прыналежнасці памерлых.

Лошыцкія могілкі пасля зносу старых крыжоў і агароджаў, а таксама замены іх на бетонныя падгалоўнікі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Як паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына», чарговай ахвярай так званага добраўпарадкавання сталі старыя Лошыцкія могілкі, размешчаныя ў жылым раёне Чыжоўка.

Гэты некропаль быў заснаваны ў 1821 годзе і да апошняга часу заставаўся адным з нешматлікіх захаваных узораў вясковых пахаванняў у межах Мінска. За мінулае стагоддзе там сфарміраваўся пласт пахавальнай культуры з арыгінальнымі каванымі крыжамі і саматужнымі помнікамі 1930— 1950‑х гадоў. Сёння гэтыя аб'екты масава дэмантуюцца.

Старыя каваныя крыжы і саматужныя помнікі Лошыцкіх могілак да пачатку дэмантажу. Фота: ритуал.бел

Старыя каваныя крыжы і саматужныя помнікі Лошыцкіх могілак да пачатку дэмантажу. Фота: ритуал.бел

Наўзамен зрэзаных агароджаў і спілаваных крыжоў, якія ўтылізуюцца як будаўнічае смецце, на месцы пахаванняў ставяць стандартныя шэрыя пліты.

Як заўважаюць актывісты, пры такой замене цалкам губляецца індывідуальнасць пахавання і рэлігійная прыналежнасць памерлых, паколькі традыцыйныя хрысціянскія сімвалы замяняюцца на свецкія таблічкі.

Разам са старымі помнікамі беззваротна знікаюць і фотамедальёны — часам адзіныя фотаздымкі асоб, якія пахаваныя на могілках. Акрамя таго, пры механічным пераносе тэкставай інфармацыі на новыя бетонныя пліты нярэдка дапускаюцца фактычныя памылкі ў імёнах і датах жыцця.

Старыя каваныя крыжы і саматужныя помнікі Лошыцкіх могілак да пачатку дэмантажу. Фота: ритуал.бел

Масавы знос старых надмагілляў і агароджаў тлумачыцца выключна прагматычнымі мэтамі. Шчыльная хаатычная забудова старых могілак ускладняе іх абслугоўванне. Знос цесна расстаўленых агароджаў дазваляе камунальным службам бесперашкодна выкарыстоўваць трымеры і газонакасілкі.

Пры гэтым дэмантаж праводзіцца без нагляду з боку гісторыкаў і некрапалістаў. Такі падыход вядзе да фізічнай страты матэрыяльных аб'ектаў, якія з'яўляюцца гістарычнымі сведкамі мінулых эпох.

Лошыцкія могілкі пасля зносу старых крыжоў і агароджаў, і замены іх на бетонныя падгалоўнікі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Лошыцкія могілкі пасля зносу старых крыжоў і агароджаў, і замены іх на бетонныя падгалоўнікі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Практыка падобнага добраўпарадкавання набыла ў Мінску сістэмны характар. Па аналагічнай схеме з поўнай заменай арыгінальных помнікаў на ўніфікаваныя пліты раней былі пераробленыя Крупецкія і Вайсковыя могілкі. Цяпер такі фармат работ распаўсюдзіўся на Козыраўскі і Лошыцкі некропалі.

Наступным аб'ектам, дзе можа быць рэалізаваны падобны сцэнар абязлічвання, называюць Кальварыйскія могілкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула