БЕЛ Ł РУС

Расія масіравана атакавала Украіну: 12 загінулых, сярод іх грамадзянін Індыі

1.09.2026 / 11:08

Nashaniva.com

У ноч на 1 верасня Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне ракетамі і беспілотнікамі. Загінулі 12 чалавек, яшчэ дзясяткі атрымалі раненні. Сярод загінулых — грамадзянін Індыі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Усяго 12 чалавек загінулі, сярод іх грамадзянін Індыі, яшчэ дзясяткі параненых у выніку атакі. Мае спачуванні ўсім, хто страціў родных і блізкіх», — напісаў Зяленскі ў сацыяльных сетках.

Для атакі расійскія войскі ўжылі вялікую колькасць рэактыўных беспілотнікаў і балістычных ракет. Пашкоджаная жылая і іншая грамадзянская інфраструктура.

У Барыспалі пашкоджаны пяціпавярховы жылы дом, адкуль эвакуявалі 50 чалавек. Таксама пад удары трапілі прадпрыемствы. У горадзе загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 13 пацярпелі.

У Кіеве расійскі балістычны ўдар прыйшоўся па чыгуначным дэпо і іншых аб'ектах чыгункі. Загінулі сем чалавек, шасцёра з іх — супрацоўнікі «Укрзалізниці». Адзін работнік быў шпіталізаваны з раненнямі. Старшыня праўлення кампаніі Аляксандр Пярцоўскі паведаміў, што адзін з цэхаў цалкам разбураны.

Удары таксама наносіліся па Адэсе і вобласці. Тысячы сем'яў засталіся без электрычнасці.

Акрамя таго, быў пашкоджаны пункт пропуску на мяжы Украіны з Румыніяй.

Пад абстрэламі апынуліся таксама Херсонская, Данецкая, Запарожская, Харкаўская, Чарнігаўская, Жытомірская, Сумская і Днепрапятроўская вобласці.

Паводле Паветраных сіл Украіны, у ноч на 1 верасня расійскія войскі выкарысталі балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/KN-23/С-400, супрацькарабельныя ракеты «Цыркон», крылатыя ракеты «Калібр», супрацьрадыёлакацыйныя Х-31П, а таксама 218 беспілотнікаў розных тыпаў. Траплянні зафіксавалі ў 28 месцах. Украінская СПА, паводле вайскоўцаў, абясшкодзіла 199 паветраных цэляў.

Зяленскі пасля атакі зноў заклікаў партнёраў павялічыць пастаўкі сродкаў супрацьпаветранай абароны Украіне.

«Колькасць ахвяр расійскага тэрору наўпрост залежыць ад кожнага новага пакета дапамогі», — заявіў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула