БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка запрасіў кіраўніка Лаоса ў Беларусь. Той прапанаваў разам здабываць золата

1.09.2026 / 12:36

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Бішкеку з прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам і запрасіў яго наведаць Беларусь. У адказ кіраўнік Лаоса прапанаваў беларускаму боку ўдзельнічаць у здабычы карысных выкапняў і пабудаваць у яго краіне завод па перапрацоўцы золата.

Сустрэча адбылася 1 верасня на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Лукашэнка заявіў, што Беларусі і Лаосу варта больш інтэнсіўна развіваць адносіны. Сярод магчымых кірункаў ён назваў машынабудаванне — не толькі продаж беларускай тэхнікі, але і стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

Ён таксама прапанаваў перадаваць Лаосу беларускія тэхналогіі і навучаць мясцовых спецыялістаў. Акрамя таго, Беларусь гатовая пастаўляць прадукты харчавання і прымаць лаоскіх дзяцей на аздараўленне.

У адказ Тханглун Сісуліт прапанаваў супрацоўніцтва ў здабычы карысных выкапняў, перадусім золата.

«Мы можам супольна працаваць у галіне здабычы карысных выкапняў, золата. Мы маглі б разам пабудаваць завод па перапрацоўцы золата. Такое прадпрыемства ў нас ужо ёсць, але мы можам пабудаваць яшчэ адно. Нам вельмі хацелася б супрацоўнічаць з вамі ў гэтай сферы, у вас вельмі багаты досвед», — заявіў кіраўнік Лаоса.

Ён запрасіў беларускіх спецыялістаў прыехаць у Лаос і вывучыць іншыя магчымыя кірункі супрацоўніцтва.

«Мы чакаем інвестыцый ад Беларусі. У нас шмат рэсурсаў, і мы гатовыя дзяліцца прыбыткам», — дадаў Сісуліт.

Напрыканцы сустрэчы Лукашэнка запрасіў кіраўніка Лаоса наведаць Беларусь у зручны для яго час.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула