На ўсходзе Германіі спрабавалі атакаваць электрастанцыю
У зямлі Брандэнбург на ўсходзе Германіі адбылася спроба пашкодзіць энергетычны аб’ект. Мясцовая паліцыя паведаміла як мінімум пра адзін выбух. Інцыдэнт адбыўся каля электрастанцыі Яэншвальдэ, у раёне Шпрэе-Найсэ, піша Bild.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Bild
Цэллю стала электрападстанцыя ў муніцыпалітэце Турнаў-Прайлак. Раніцай 1 верасня супрацоўнікі паведамілі паліцыі пра пашкоджанні некалькіх паветраных ліній. Прыкладна праз 40 хвілін на месцы былі знойдзеныя падазроныя прадметы, пасля чаго выклікалі сапёраў.
Паводле інфармацыі газеты Bild, маглі выкарыстоўвацца самаробныя ракеты, аднак паліцыя пакуль не пацвердзіла гэтую інфармацыю.
Побач з электрастанцыяй таксама знайшлі незвычайнае выбухова-запальнае прыстасаванне, якое не спрацавала. Следства вядзе Крымінальнае ўпраўленне Брандэнбурга.
Пацярпелых няма, сур’ёзных наступстваў для насельніцтва не зафіксавана. Падача электраэнергіі таксама не спынялася, хоць аператар сеткі 50Hertz паведаміў пра кароткачасовы перабой у электразабеспячэнні.
Вугальная электрастанцыя Яэншвальдэ з’яўляецца найбуйнейшым аб’ектам такога тыпу ў Брандэнбургу. Яе ўстаноўленая магутнасць складае каля 1500 МВт.
Чытайце таксама:
У офісе палітыка ад «Альтэрнатывы для Германіі» знайшлі кубак з надпісам «Армія Расіі»
Дрон з выбухоўкай знайшлі каля ўкраінскага грузавога самалёта ў аэрапорце Лейпцыга