БЕЛ Ł РУС

Экс-міністр унутраных спраў Турцыі прызнаў, што даваў аўтамабіль сыну Лукашэнкі

1.09.2026 / 22:58

Nashaniva.com

Былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Турцыі Ідрыс Наім Шахін даў паказанні ў судзе Анкары па справе рэлігійнага дзеяча Аліхана Курыша і руху «Сулейманджылар». У ягоных паказаннях згадваецца адзін з сыноў Аляксандра Лукашэнкі, заўважыла ў турэцкай прэсе выданне Reform.news. 

Сыны Лукашэнкі — Дзмітрый, Мікалай і Віктар. Фота ілюстрацыйнае

Турэцкія ўлады абвінавачваюць кіраўнікоў гэтага руху ў стварэнні злачыннай супольнасці, адмыванні грошай, махлярстве і іншых фінансавых парушэннях. Па справе затрымалі дзясяткі чалавек.

Шахін заявіў, што перадаў беларускай дэлегацыі аўтамабіль Audi Q7, зарэгістраваны на яго імя. Машына трапіла ў аварыю ў Бодруме, пасля чаго, каб госці з Беларусі не засталіся без транспарту, ім далі іншы аўтамабіль.

Паводле паказанняў Амюра Юджэля, які займаўся арэндай машын і размяшчэннем беларусаў, гэты аўтамабіль ён атрымаў у Стамбуле і паехаў на ім у Бодрум разам з адным з сыноў Лукашэнкі і яго ахоўнікамі. З машыны знялі пробліскавы маячок, які пакінулі дэлегацыі. Пазней аўтамабіль таксама трапіў у аварыю.

У справе фігуруюць трое грамадзян Беларусі з дыпламатычнымі пашпартамі. Яны прыляцелі ў Турцыю 6 жніўня, а 22 жніўня вылецелі з Турцыі ў Мінск. Паводле даных сістэмы распазнавання аўтамабільных нумароў, 21 жніўня яны знаходзіліся ў машыне на маршруце Гюверджынлік — Торба, а пазней у Бурсе пераселі ў іншы аўтамабіль.

Таксама паведамлялася, што беларусы карысталіся дзвюма SIM-картамі, якія незадоўга да гэтага былі зарэгістраваныя на імя Амюра Юджэля.

Падчас суда Шахіна таксама спыталі пра інфармацыю 2011 года пра магчымы шантаж турэцкіх бізнэсменаў з выкарыстаннем дзяўчат з Беларусі. Ён заявіў, што такіх звестак не мае, але ведае трох чалавек, названых у тым паведамленні магчымымі ўдзельнікамі схемы.

Людзі з атачэння Лукашэнкі ўжо не першы год адпачываюць у Бодруме. Для паездак туды рэгулярна выкарыстоўваецца ўрадавы бізнэс-джэт EW-301PJ, які ў ліпені і жніўні некалькі разоў лётаў паміж Мінскам і Бодрумам.

Чытайце таксама:

Беларусы з дыпламатычнымі пашпартамі фігуруюць у гучнай крымінальнай справе ў Турцыі

«Белпол» апублікаваў расследаванне пра беларускіх шпіёнаў пад дыппрыкрыццём у Азіі, Афрыцы і Амерыцы. Хто яны? Поўны спіс

Урадавы бізнэс-джэт даставіў некага з Мінска ў турэцкі Бодрум

Каментары да артыкула