Паляўнічыя паранілі мядзведзя. Цяпер мясцовым раяць не хадзіць у лес
У Барысаўскім раёне падчас палявання паранілі мядзведзя, але жывёла ўцякла. Звер ужо тры тыдні ходзіць па лесе, а мясцовым жыхарам цяпер прапануюць самім пазбягаць лясных масіваў.
Мядзведзя паранілі яшчэ 8 жніўня ў паляўнічых угоддзях каля вёскі Гарэлы Луг.
Дабіць жывёлу паляўнічыя не здолелі. Паранены мядзведзь сышоў у гушчар. Цяпер жыхароў і гасцей раёна заклікаюць быць асцярожнымі, а па магчымасці ўвогуле часова не хадзіць у лес.
Сезон палявання на бурага мядзведзя ў Беларусі адкрылі 1 ліпеня 2025 года. Жывёла па-ранейшаму занесеная ў Чырвоную кнігу, але пад ціскам лабістаў паляўнічых атрымала так званы двайны статус: цяпер яе адначасова лічаць і ахоўным відам, і паляўнічай жывёлай.