БЕЛ Ł РУС

Маці знайшла ў сына і выкінула чужы вэйп. За гэта хлопчыка абстралялі з пнеўматыкі

2.09.2026 / 12:05

Nashaniva.com

У Светлагорску 17‑гадовы хлопец здаваў вэйп у арэнду, а пасля абстраляў 13‑гадовага «кліента».

Паводле інфармацыі міліцыі, 17‑гадовы жыхар Светлагорска арганізаваў своеасаблівы бізнес: здаваў сваю электронную цыгарэту ў арэнду за 15 рублёў на суткі.

Аднойчы вэйп узяў 13‑гадовы хлопчык. Прыладу знайшла яго маці — яна выкінула электронную цыгарэту і вылаяла сына.

17‑гадовы гаспадар запатрабаваў вярнуць вэйп. Даведаўшыся, што прылады больш няма, ён выставіў малодшаму хлопчыку рахунак на 40 рублёў і прыгразіў «разбіць твар», калі той не заплаціць.

Грошай хлопчык не аддаў. Праз некалькі дзён падлеткі сустрэліся каля пад’езда. Як сцвярджае міліцыя, 17‑гадовы хлопец тройчы стрэліў з пнеўматычнага пісталета ў рукі і ногі 13-гадовага. Той у слязах прыбег дадому і расказаў пра здарэнне маці, якая патэлефанавала ў міліцыю.

Супраць старэйшага падлетка завялі крымінальную справу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула