БЕЛ Ł РУС

Telegram выдаліў свой афіцыйны беларускі канал — верагодна, каб не падстаўляць людзей. Але многія паспелі падставіцца

2.09.2026 / 13:24

Nashaniva.com

Цяпер ужо мала хто ўспомніць, што 15 жніўня 2020 года з'явіўся канал «Telegram Беларусь». Гэта быў афіцыйны канал месенджара для беларускай аўдыторыі, якая выбухова вырасла на фоне блакіровак медыя і інтэрнэту. У канале было праведзенае тэставае апытанне «За каго вы галасавалі на выбарах?» толькі для беларускіх карыстальнікаў. Праз гады пра гэта ўспомнілі ў органах.

Фота: Lookbymedia

Тое апытанне сабрала 10,6 мільёна праглядаў і 2,41 мільёна галасоў. 

Галасаваць за канкрэтных кандыдатаў маглі толькі карыстальнікі з беларускімі сім-картамі — Telegram тады ўпершыню тэставаў такую механіку. Астатнім заставаўся варыянт «Я не з Беларусі».

Вынік то аказаўся чаканым. З 1,64 мільёна карыстальнікаў з Беларусі за Святлану Ціханоўскую галасавалі 75%, а за Аляксандра Лукашэнку — 6%. 

На наступны дзень, 16 жніўня, у канале з’явіўся яшчэ адзін пост. Павел Дураў паведаміў, што Apple патрабуе заблакаваць каналы, якія публікуюць даныя сілавікоў і прапагандыстаў, і вынес пытанне на галасаванне — ці рабіць так. 67% выказаліся супраць блакіроўкі.

Пасля гэтага канал сціх: за шэсць гадоў у ім не з’явілася ніводнага новага паведамлення.

Але свой ужытак гэтым даным праз гады знайшлі ў рэпрэсіўных органах. Па аналогіі з тым, як нагодай для чыстак сярод чыноўнікаў стаў факт падпіскі за Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу ці Святлану Ціханоўскую, так і галасаванне ў гэтым канале стала нагодай для звальненняў. 

Хаця апытанне і было ананімным, але на прыладзе самога карыстальніка відаць, за каго ён галасаваў, калі ён не мяняў акаўнты.

Такім чынам, як стала вядома «Нашай Ніве», цягам гэтага года кадравікі-спецслужбісты ў дзяржаўных арганізацыях атрымалі інструкцыі адкрываць з мабільніка супрацоўніка канал «Telegram Беларусь» пры правядзенні праверак (калі чалавека прымалі на працу ці збіраліся павысіць). 

Калі аказвалася, што чалавек не мяняў акаўнт і прыняў удзел у галасаванні, паказаўшы свой голас за Ціханоўскую — звальненне. 

Колькі такіх выпадкаў адбылося па краіне, невядома, але інфармацыя пра некаторыя з іх пацверджаная.

Як можна разумець, гэтая інфармацыя дайшла і да самой платформы. Гэты нежывы афіцыйны канал яшчэ быў даступны ў маі 2026 года (на той момант у ім заставалася 11,5 тысяч падпісчыкаў). Цяпер жа ён перастаў існаваць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула