У Кіеве адбылася перастрэлка паміж СБУ і вайскоўцамі ГУР. Ёсць параненыя
СБУ паведамляе пра ўзброены напад на сваіх супрацоўнікаў, былы кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў намякае на адваротныя абставіны.
Перастрэлка адбылася раніцай 2 верасня ў Дняпроўскім раёне Кіева.
Паводле крыніц «Украінская праўда», раненні атрымалі трое прадстаўнікоў Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Афіцыйна колькасць пацярпелых пакуль не называлася.
У Службе бяспекі Украіны заявілі, што яе супрацоўнікі праводзілі неадкладныя следчыя дзеянні ў справе аб тэракце, які, паводле версіі ведамства, арганізавала расійская ФСБ.
Але група людзей нібыта заблакавала аўтамабілямі праезд следчай групе і напала на яе са зброяй. На месца выклікалі спецпадраздзяленне «Альфа».
«Падчас спынення ўзброенага супраціву супрацоўнікі ўжылі зброю. У выніку здарэння ёсць параненыя сярод асоб, якія аказвалі супраціў. Нападнікі затрыманыя», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
У ведамстве кажуць, што затрыманыя служаць у адным з падраздзяленняў Сіл абароны Украіны. У іх канфіскавалі зброю і дакументы. Офіс генеральнага пракурора пачаў расследаванне па факце пагрозы і замаху на жыццё супрацоўніка СБУ.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны і былы кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў адрэагаваў на перастрэлку і фактычна агучыў іншую версію падзей.
«Ніхто не мае права беспакарана выкрадаць вайскоўцаў, адкрываць агонь на вуліцах нашых гарадоў, аддаваць і выконваць злачынныя загады. Сітуацыяй ужо займаюцца Дзяржаўнае бюро расследаванняў і Офіс генеральнага пракурора», — заявіў ён у каментары РБК-Украіна.
Перастрэлку звязваюць са знікненнем Сцяпана Каплунова — намесніка камандзіра па баявой працы «Рускага добраахвотніцкага корпуса», які ўваходзіць у структуру ГУР. Напярэдадні ў РДК заявілі, што Каплунова забралі невядомыя каля яго дома, пасля чаго сувязь з ім знікла.
У той жа час раніцай 2 верасня СБУ і ГУР паведамілі, што разам прадухілілі падрыхтаваны ФСБ замах на аднаго з лідараў расійскага апазіцыйнага нацыянальнага руху. Яго імя афіцыйна не называлася, але крыніцы ўкраінскіх СМІ сцвярджаюць, што гаворка ішла менавіта пра Каплунова. Іншых падрабязнасцяў пакуль няма.