БЕЛ Ł РУС

Беларусь і Расія дамовіліся па 107 са 110 пунктаў плана збліжэння на наступныя тры гады. Але самы важны падвіс

2.09.2026 / 20:00

Nashaniva.com

Беларусь і Расія амаль узгаднілі чарговы трохгадовы план збліжэння Саюзнай дзяржавы — са 110 пунктаў дамовіліся па 107. Пра гэта сведчыць закрыты дакумент Мінэканомікі Беларусі, які атрымала выданне «Люстэрка» пры дапамозе арганізацыі Belpol. Галоўным каменем спатыкнення застаўся адзіны рынак энерганосьбітаў. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Пра што не атрымалася дамовіцца

Асноўны канфлікт — вакол энергетычных рынкаў. Беларускі бок настойвае на фармулёўцы «стварэнне аб'яднанага рынку газу, электраэнергіі, нафты і нафтапрадуктаў».

Прапануюць прапісаць такія:

Расійскі бок прапанаваў замест усяго гэтага фармулёўку ўсяго з пяці слоў: «развіццё супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы» — размыта і без канкрэтных абавязацельстваў. Мінэнерга Беларусі і канцэрн «Белнафтахім» гэтую ідэю не падтрымалі.

«Усе падпісаныя абавязацельствы застаюцца дэкларацыяй»

Прадстаўнікі Мінэканомікі пішуць у закрытым дакуменце, што такая кароткасць сведчыць «пра недастатковую зацікаўленасць расійскага боку ў выпрацоўцы кампраміснай фармулёўкі».

Далей аўтары прыводзяць пазіцыю канцэрна «Белнафтахім». У таго ўжо былі і «працяглы вопыт узгаднення з расійскім бокам» розных дакументаў, і «факты невыканання дамоўленасцяў па пастаўках нафты».

«Можам канстатаваць, што ўсе падпісаныя абавязацельствы па стварэнні рынку нафты і нафтапрадуктаў застаюцца дэкларацыяй, — пішуць прадстаўнікі «Белнафтахіма». — Нашы намаганні прымусіць расійскі бок выканаць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, а менавіта збалансаваць рынак і ўніфікаваць правілы доступу да сістэм транспартавання нафты, трактуюцца як негатоўнасць да пошуку кампрамісных рашэнняў і правакуюць пастаянныя рознагалоссi па прычыне высокай адчувальнасці названай сферы для Расійскай Федэрацыі».

Прадстаўнікі «Белнафтахіма» лічаць, што галоўны тормаз для фарміравання адзінага рынку — тое, што расійскі бок проста не зацікаўлены ствараць умовы для «сінергетычнага эфекту для абодвух бакоў» — ні цяпер, ні ў будучыні.

Згодна з дакументам, на перамовах па «Асноўных напрамках» расійскае Міністэрства энергетыкі нават не забяспечыла «ўзровень кіраўнічага складу» — то-бок адправіла прадстаўнікоў, якія займаюць не самыя высокія пасады.

Аўтары прыйшлі да высновы, што нафтагазавае пытанне «патрабуе рашэнняў на больш высокім узроўні», і прапанавалі дамагацца перамоў на ўзроўні кіраўнікоў ведамстваў. Для гэтага хацелі звярнуцца да Аляксея Аверчука, намесніка старшыні ўрада Расіі.

Як яшчэ збіраюцца збліжацца

Акрамя энергетычнай спрэчкі, у 110 пунктах «Асноўных напрамкаў» — вялікі спіс задач рознай ступені канкрэтыкі.

У атамнай энергетыцы краіны дамовіліся пра будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС — гэты пункт ужо цалкам узгоднены з «Расатамам», як і пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам.

У абароннай сферы збіраюцца заключыць у 2027 годзе пагадненне «пра тылавое і медыцынскае забеспячэнне вайсковых кантынгентаў» дзвюх краін. Гэта можа тычыцца, напрыклад, забеспячэння і медыцынскай падтрымкі войскаў, калі яны будуць знаходзіцца на тэрыторыі адна адной — але дэталі ў дакуменце не раскрытыя.

У прамысловасці многа гаворыцца пра імпартазамяшчэнне — сумесна збіраюцца вырабляць кампаненты, якія раней закуплялі на Захадзе: сістэмы ABS і EBS для тармазоў, карданныя валы, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Яшчэ ў планах — «стварэнне рабатызаванай тэхнікі для аўтаномных тэхналагічных комплексаў» і «стварэнне вытворчасці самалётаў» (у ліку адказных — Дзяржваенпрам Беларусі).

У сферы фінансаў хочуць запусціць трансгранічныя плацяжы па QR-кодзе для грамадзян Беларусі і Расіі. Многія пункты дакумента даволі агульныя: розныя ведамствы прапануюць «развіццё супрацоўніцтва», «абмен вопытам», «гарманізацыю падыходаў» і «узаемадзеянне ў пытаннях удасканалення».

Два астатнія спрэчныя пункты, падобна, не такія вострыя. Адзін тычыцца спалучэння лічбавых інфармацыйных сістэм для спрашчэння гандлю, другі — ліквідацыі падвойнага падаткаабкладання для самазанятых грамадзян дзвюх краін. Па абодвух беларускі бок чакае адказу з Расіі.

Чытайце таксама:

Турарбекава: Галоўнае пытанне цяпер у тым, на якую частку суверэнітэту пагодзіцца Лукашэнка

Сярод лідараў краін былога СССР расіяне найбольш давяраюць Лукашэнку — дзяржаўны саццэнтр 

«Стаўленне на найвышэйшым узроўні». Як былыя ўдзельнікі «СВА» адпачываюць у беларускіх санаторыях

Каментары да артыкула