БЕЛ Ł РУС

«Мы яе называем «фюрар Урсула». Лаўроў абразіў кіраўніцу ЕК

3.09.2026 / 07:56

Nashaniva.com

І зноў загаварыў пра «нацызм» у Еўропе.

Сяргей Лаўроў. Фота: Alexander Nemenov / Pool Photo via AP

Сяргей Лаўроў выступіў на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку. Разважаючы пра эканамічныя праблемы, міграцыю і рост цэн на энерганосьбіты ў Еўропе, ён назваў старшыню Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен «фюрар Урсула».

«Урсула фон дэр Ляен — мы яе называем «фюрар Урсула» — спрабуе сцягнуць у Еўракамісію тыя кампетэнцыі, тыя паўнамоцтвы, якія паводле рашэнняў усяго Еўрапейскага саюза не перадаваліся Бруселю, а застаюцца ў нацыянальных урадаў», — сказаў расійскі міністр.

Лаўроў заявіў, што пасля падрыву «Паўночных патокаў» старшыня Еўракамісіі нібыта сказала: «Так, нашы выбарцы будуць пакутаваць, таму што цэны на энергію будуць істотна вышэйшыя. Але мы абавязаныя пакутаваць дзеля таго, каб украінскі народ адстойваў нашы еўрапейскія каштоўнасці».

Лаўроў назваў адной з «еўрапейскіх каштоўнасцяў» нібыта «заканадаўчую забарону рускай мовы ў адукацыі, культуры, побыце і сродках масавай інфармацыі» ва Украіне і заявіў, што гэта шлях Еўропы «назад у нацызм».

Заявы Лаўрова прагучалі падчас захопніцкай вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны. Масква рэгулярна выкарыстоўвае абвінавачанні ў нацызме для апраўдання свайго ўварвання, хоць менавіта расійскія войскі акупавалі частку суседняй краіны і разбураюць украінскія гарады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула