БЕЛ Ł РУС

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са спікерам і дэпутатамі Сейма Літвы. Што абмяркоўвалі?

3.09.2026 / 12:11

Nashaniva.com

3 верасня ў Вільні спікер Сейма Літвы Юозас Олекас афіцыйна прыняў Святлану Ціханоўскую. Удзел у сустрэчы таксама ўзялі дэпутаты групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўнікі большасці палітычных партыяў. З беларускага боку — дарадцы Ціханоўскай Францішак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай. 

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская выказала глыбокую ўдзячнасць літоўскаму парламенту за паслядоўную і прынцыповую пазіцыю і падтрымку беларускага народа, а таксама за рашэнні, якія не прыраўнялі беларусаў да расіянаў. Асобна была адзначана прамова спікера Олекаса на пленарнай сесіі і яго віншаванне беларусаў з 25 жніўня — Днём прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская заклікала зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня падчас старшынства Літвы.

Бакі абмеркавалі падрыхтоўку да вызвалення палітычных зняволеных. Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку ў пытаннях лагістыкі і легалізацыі.

Ціханоўская падняла пытанне магчымасці абмену беларускіх правоў кіроўцы без дадатковых экзаменаў для тых, у каго гуманітарны ВНЖ (па прыкладзе Польшчы) і ўвядзенне іспытаў на беларускай мове; вяртання Беларусі ў спіс краін, грамадзяне якіх могуць атрымліваць дзяржаўныя стыпендыі Літвы для навучання ў магістратуры, і аднаўленне гэтай магчымасці ў наборы на 2027 год. 

Бакі абмеркавалі арганізацыю курсаў літоўскай мовы для беларусаў, сацыяльныя пытанні, у тым ліку падтрымку для дзяцей з інваліднасцю.

Таксама на сустрэчы гаварылі пра будучыню Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і важнасць захавання доступу беларусаў да адукацыі.

«Літва застаецца адным з найбольш надзейных палітычных сяброў дэмакратычнай Беларусі. Наша галоўная мэта — ператварыць гэтую падтрымку ў яшчэ больш трывалыя і канкрэтныя дзеянні для беларусаў», — падсумавала Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула