БЕЛ Ł РУС

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі

3.09.2026 / 13:17

Nashaniva.com

Ахвярай замаху ў Саратаўскай вобласці стаў генерал-маёр Мікалай Варпаховіч — камандзір 22‑й гвардзейскай цяжкай бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі Расіі. Украіна падазрае яго ў арганізацыі ракетных удараў па цывільных аб’ектах. Генерал знаходзіцца ў крытычным стане, сцвярджае тэлеграм-канал «Досье шпиона».

Напад адбыўся 3 верасня каля 7:00 у пасёлку Прабуджэнне, які мяжуе з Энгельсам.

Паводле тэлеграм-канала, невядомы падпільнаваў Варпаховіча каля яго прыватнага дома і двойчы стрэліў з пісталета — у твар і жывот.

Нападнік, які перасоўваўся на матацыкле і хаваў твар пад шлемам, уцёк. Затрымаць яго не ўдалося.

Раней пра напад паведамілі пракрамлёўскія каналы Mash, SHOT і Baza, але імя параненага не называлі. Яны пісалі, што афіцэра Паветрана-касмічных сіл Расіі даставілі ў бальніцу ў цяжкім стане. Паводле Baza, падчас стральбы быў паранены таксама яго кіроўца.

22‑я авіяцыйная дывізія, якой, паводле адкрытых звестак, камандуе Варпаховіч, базуецца ў Энгельсе. У яе склад уваходзіць 121‑ы цяжкі бамбардзіровачны авіяцыйны полк, узброены стратэгічнымі бамбардзіроўшчыкамі Ту-95МС — носьбітамі крылатых ракет Х-101.

Украінскае следства лічыць, што Варпаховіч аддаў загад нанесці 1 сакавіка 2022 года ракетны ўдар па кіеўскай тэлевежы. Тады загінулі пяць мірных жыхароў, у тым ліку 12‑гадовая дзяўчынка, яшчэ шэсць чалавек былі параненыя. У лютым 2026 года генералу завочна абвясцілі падазрэнне ў парушэнні законаў і звычаяў вайны, спалучаным з наўмысным забойствам.

Расійскія ўлады пакуль афіцыйна не пацвярджалі ні асобы параненага, ні абставін замаху. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула