БЕЛ Ł РУС

Буданаў расказаў пра рэгулярныя размовы з Прыгожыным

4.09.2026 / 14:57

Nashaniva.com

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны і былы начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі краіны Кірыла Буданаў паведаміў, што рэгулярна размаўляў з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным. Пра гэтыя перамовы ён паведаміў у інтэрв’ю The New York Times. 

Кірыла Буданаў. Фота: Julia Weber / Babel.ua / Global Images Ukraine via Getty Images

Паводле слоў Буданава, яго зносіны з Прыгожыным завяршыліся незадоўга да мяцяжу ПВК «Вагнер» у 2023 годзе. Іншых падрабязнасцяў гэтых кантактаў ён не прывёў.

Пра асабістыя перамовы Буданава і Прыгожына раней вядома не было, распавядае «Агенцтва». 

У маі 2023 года The Washington Post са спасылкай на ўцечку амерыканскай разведкі пісала, што Прыгожын кантактаваў з ГУР Украіны і прапанаваў раскрыць пазіцыі расійскіх вайскоўцаў у абмен на адвод украінскіх войскаў ад Бахмута.

З дакументаў таксама вынікала, што Прыгожын размаўляў па тэлефоне з супрацоўнікамі ГУР і сустракаўся з афіцэрамі ўкраінскай разведкі ў адной з краін Афрыкі. Два ўкраінскія чыноўнікі тады пацвердзілі The Washington Post, што Прыгожын некалькі разоў размаўляў з прадстаўнікамі ГУР. Аднак пра асабістыя размовы Прыгожына з Буданавым газета не паведамляла.

Сам Прыгожын пасля ўцечкі дакументаў амерыканскай разведкі назваў гэтую інфармацыю домысламі і іранічна казаў: «Вядома, я магу пацвердзіць гэтую інфармацыю. Нам увогуле няма чаго хаваць ад замежных спецслужбаў. Мы дагэтуль з Буданавым знаходзімся ў Афрыцы».

Буданаў ужо пасля мяцяжу ПВК «Вагнер» адмаўляўся каментаваць чуткі пра яго кантакты з Прыгожыным.

Буданаў узначаліў офіс прэзідэнта Украіны 2 студзеня 2026 года. Пасля прызначэння ён стаў адным з ключавых перамоўшчыкаў Кіева па ўрэгуляванні вайны. Да гэтага моманту Буданаў ужо быў уцягнуты ў мірны працэс: яшчэ ў лістападзе 2025 года Зяленскі ўключыў яго ва ўкраінскую дэлегацыю для перамоў з ЗША, іншымі партнёрамі і Расіяй. Акрамя таго, Буданаў на працягу некалькіх гадоў падтрымліваў кантакты з начальнікам расійскага ГРУ Ігарам Касцюковым — яны ўпершыню вялі перамовы ў 2022 годзе па пытанні суднаходства ў Чорным моры, а пазней узаемадзейнічалі, у прыватнасці, па абменах палоннымі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула