БЕЛ Ł РУС

Цыклон «Вілья» прынясе ў Беларусь штармавы вецер і моцныя дажджы

4.09.2026 / 18:14

Nashaniva.com

Субота, 5 верасня, у Беларусі будзе ветранай і дажджлівай. Белгідрамет абвясціў на гэты дзень аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер і ападкі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак

На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца заходнія парывы ветру да 15—20 м/с, а ўначы месцамі — да 21—24 м/с. У паўночнай палове Беларусі ноччу пройдуць моцныя дажджы. Неспрыяльнае надвор'е закране ўсе вобласці краіны і Мінск.

Паводле метэаралагічных прагнозаў, прычынай такога надвор'я стане штармавы цыклон VILJA («Вілья»), які рухаецца з поўдня Вялікабрытаніі. Канчаткова сфармаваўшыся над Балтыйскім морам, уначы яго цэнтр перамесціцца з боку Літвы ў Віцебскую вобласць.

Днём цыклон будзе рухацца далей на еўрапейскую тэрыторыю Расіі, а Беларусь апынецца ў яго тылавой частцы. Таму пасля праходжання асноўнай зоны ападкаў захаваецца моцны заходні вецер, магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы. На поўначы краіны не выключаюцца асабліва магутныя навальнічныя ячэйкі.

Менш ападкаў прагназуецца на поўдні Беларусі. Тэмпература паветра ўдзень складзе ад +16 градусаў на поўначы да +24 на паўднёвым усходзе. У Мінску будзе каля +18…+20 градусаў.

Такім чынам, 5 верасня беларусам варта быць асабліва асцярожнымі на вуліцы з-за моцнага ветру, дажджоў і магчымых навальніц.

Чытайце таксама:

Мінск накрыла моцная навальніца ВІДЭА

Навуковец патлумачыў, чаму ў Мінску больш пахмурных дзён, чым на «туманным Альбіёне»

Энергетыкі Беларусі з-за цыклона «Прыска» працуюць ва ўзмоцненым рэжыме

Каментары да артыкула