БЕЛ Ł РУС

На месцы палеалітычнай стаянкі ў вёсцы Юравічы правялі фестываль пра мамантаў і першабытных людзей. Гісторыкі ацэньваюць яго скептычна

6.09.2026 / 21:41

Nashaniva.com

Фестываль «Мамонт.by» прайшоў 5 верасня на месцы стаянкі першабытных людзей у Юравічах Калінкавіцкага раёна. Там калісьці знайшлі рэшткі аднаго з самых старажытных паселішчаў Беларусі, якому больш за 26 тысяч гадоў, піша Reform.news.

Фота: kalinkovichi_news_official / Telegram

Фестываль «Мамонт.by» праводзіцца другім разам па адной і той жа схеме: дэфіле ў першабытных касцюмах, паляванне на маманта, прысвячэнне ў краманьёнцы, здабыча агню і стравы паводле «дагістарычных» рэцэптаў. А таксама — рытуальныя танцы каля вогнішча, экскурсія «Шлях да вытокаў», фотазоны, катанне на конях, дзіцячыя пляцоўкі і рамесныя шэрагі.

У аснове праекта — тэатральная пастаноўка, якую паказвалі мясцовыя культработнікі ў прысутнасці чыноўнікаў.

Фота: kalinkovichi_news_official / Telegram

Беларускія эксперты і навукоўцы скептычна паставіліся да гэтай сумнеўнай самадзейнасці.

«Цікава, што падобныя музеі на месцы стаянак ёсць па ўсім свеце, і можна было б у іх павучыцца якасна арганізоўваць мерапрыемствы для гасцей, пасля якіх у музей хацелася б яшчэ раз прыехаць. Напрыклад, можна было б паказаць рэальныя заняткі тых старажытных людзей: майстраванне каменнай зброі, апрацоўка косці каменнай праколкай і г.д. Ну так, не надта масава і пасмяяцца няма з чаго, але назаўжды ў памяці застанецца адчуванне цвёрдасці крэменю. Але гэта ж трэба арганізаваць, гэта ж трэба самому ўмець і ведаць, як годна гледачам падаць. Навошта? Значна прасцей пабегаць вакол вогнішча і пагукаць», — прыводзіла каментар гісторыка Рамана Абуховіча пасля першага фестывалю выданне «Штодзень».

А вось як пракаментаваў навіну пра прэмію калінкавіцкім спецыялістам адзін гомельскі гісторык: «Мне страшна за захаванне помніка ад іхных ініцыятываў».

Характар фестывалю гэтага года не змяніўся. Замест навуковага падыходу па-ранейшаму «паляванне на маманта», рытуальныя танцы вакол вогнішча і спартыўна-забаўляльная праграма «Актыўныя першабытныя».

Леташні фэст стаў срэбраным прызёрам у намінацыі «Найлепшая ідэя турыстычнай падзеі» прэміі Russian Event Awards.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула