БЕЛ Ł РУС

У Данецку ўзарвалі забойцу генерала ўкраінскай разведкі. Пра аперацыю маўчалі больш за месяц

7.09.2026 / 11:07

Nashaniva.com

Украінскія спецслужбы ўзарвалі аўтамабіль Алега Шутава. Ён, як сцвярджае СБУ, асабіста ў Кіеве падклаў бомбу пад машыну генерал-маёра вайсковай разведкі Украіны Максіма Шапавала. 

Алега Шутава ўзарвалі 27 ліпеня ў акупаваным Данецку, піша LB.ua са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскіх спецслужбах. 

Самаробную выбуховую прыладу заклалі ў Subaru, на якім Шутаў прыехаў да спартыўнага комплексу «Дынама» ў Ленінскім раёне Данецка. 

Шутаў садзіцца ў аўто

Мясцовыя прарасійскія рэсурсы тады паведамлялі пра «начную атаку беспілотніка», у выніку якой нібыта пацярпеў кіраўнік федэрацыі спартыўнай барацьбы.

МНС тушыць машыну Шутава

Шутаў сапраўды ўзначальваў асацыяцыю дзюдо і самба так званай ДНР, адначасова Шутаў быў супрацоўнікам так званага «Цэнтра спецыяльных аперацый Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ДНР». У 2024 годзе гэтае ведамства ліквідавалі, а яго функцыі перадалі мясцоваму ўпраўленню ФСБ.

Служба бяспекі Украіны ўпершыню публічна назвала Шутава забойцам генерал-маёра Максіма Шапавала ў красавіку 2019 года.

Максім Шапавал

«Менавіта гэты чалавек 26 чэрвеня 2017 года заклаў выбуховую прыладу пад аўтамабіль генерала ўкраінскай разведкі Максіма Шапавала. Сёння мы ўпершыню абнародуем дэталі выканаўцы гэтага тэрарыстычнага акту», — заяўляў тагачасны кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

Шутаў зняў кватэру ў доме, дзе жыў Шапавал, а таксама арандаваў месца на паркоўцы побач з машынай генерала. 27 чэрвеня 2017 года аўтамабіль Шапавала ўзарваўся ў Саламянскім раёне Кіева. Генерал загінуў. Паводле СБУ, праз гадзіну пасля выбуху Шутаў забраў рэчы з арандаванай кватэры і выехаў у Расію, а адтуль — на Данбас.

Шутава таксама звязвалі з забойствам начальніка аддзела контрразведкі СБУ ў Данецкай вобласці палкоўніка Аляксандра Хараберуша. Яго аўтамабіль узарвалі ў Марыупалі 31 сакавіка 2017 года.

Інфармацыю пра ліквідацыю Шутава не публікавалі больш за месяц з меркаванняў бяспекі — пакуль дыверсійная група не вярнулася з акупаванай тэрыторыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула