Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары
Калі раней доля замежнікаў сярод пакупнікоў кватэр заўжды была мізэрнай, то апошнім часам назіраецца пэўны рост. Перш за ўсё за кошт расіян.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Попыт вырас, але наколькі?
Па выніках сакавіка 2026 года, кожную 10‑ю кватэру ў Мінску набылі грамадзяне Расіі. Для параўнання, у 2019‑м на долю расіян прыходзілася каля 1,5% здзелак, а ў 2021‑м — 3%, таму рост сапраўды заўважны.
Кіраўнік дэпартамента развіцця сеткі і міжрэгіянальных здзелак рыэлтарскай кампаніі «Паверхі» Вольга Палоўнікава ў каментары РІА «Навінам» у маі гэтага года казала, што попыт расіян на куплю жылля ў Мінску вырас за год на 10—15%.
Доля расіян у агульным аб'ёме здзелак з жылой нерухомасцю ў Мінску, па яе словах, цяпер ацэньваецца ў 8—10%, тады як год таму паказчык быў на ўзроўні 2—3%.
Пры гэтым, па словах спецыялісткі, колькасць праглядаў аб'яў аб продажы або арэндзе нерухомасці ў Беларусі ў першым квартале 2026 года вырасла ў 2‑3 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Сярод іншых ускосных прыкмет росту попыту з боку расіян можна назваць той факт, што з канца мая банк БелВЭБ запусціў для грамадзян Расіі сэрвіс па безнаяўным пераводзе грошай для куплі нерухомасці ў Беларусі.
Апроч таго, у інтэрнэце можна нават знайсці сайт расійскага рыэлтарскага агенцтва, якое прапануе сваім кліентам куплю элітнай нерухомасці ў Беларусі. Як для пражывання, так і для інвеставання з прыбытковасцю ў 15%.
Скрыншот: kalinka-realty.ru
Не ўсё так адназначна
Меркаванні ж беларускіх рыэлтараў адносна попыту з боку расіян розныя. Адзін са спецыялістаў адзначыў, што не сказаў бы, што расіян цікавіць выключна дарагое жыллё прэміум-класа. Большасць запытаў, якія даходзяць да яго, адносяцца да бюджэтнага сегмента.
Таму выснову, што расіяне ўплываюць толькі на кошт жытла ў прэміум-сегменце, ён лічыць памылковай.
Іншы рыэлтар наогул называе ўплыў расіян на беларускі рынак перабольшваннем. Маўляў, з 50—70 здзелак штогод толькі 1—3 — з пакупнікамі з Расіі.
Таксама спецыяліст адзначыў, што сярод расіян цяпер ёсць стабільны запыт на куплю вясковых хат за 2—3 тысячы даляраў, каб можна было аформіць беларускі ДНЖ.
Часцей за ўсё расіяне робяць гэта з дзвюх прычын. Першая — каб мець беларускія дакументы і нейкі куток, куды можна ўцячы ў выпадку пагаршэння ваеннай сітуацыі. Другая — каб купляць аўтамабілі на беларускіх нумарах і тым самым абыходзіць неабходнасць плаціць шалены ўтыльзбор за машыны з рухавіком, магутнейшым за 160 к.с.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Цікавіць расіянаў нерухомасць не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Перш за ўсё ў Гродне і Брэсце.
Расіяне рухаюцца максімальна на Захад
Рыэлтар з Гродна кажа, што колькасць пакупнікоў з Расіі нават у самыя лепшыя месяцы не перавышала 10%, таму ён не лічыць, што яны неяк могуць уплываць на рост цэн на мясцовым рынку. Тым больш, што расіяне час ад часу набывалі кватэры ў Гродне і да 2022 года.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Са слоў спецыяліста, сапраўды адчувальны рост попыту назіраўся толькі ў канцы 2022 года, калі ў Расіі аб'явілі мабілізацыю. Маўляў, тады сапраўды быў невялікі перыяд, калі расіян сярод пакупнікоў было адносна шмат.
Таксама, па назіраннях рыэлтара, на попыт можа ўплываць высокі кошт нерухомасці. Бо расіяне з неабмежаванай колькасцю грошай — гэта хутчэй стэрэатып, хоць часам сапраўды бывае, што яны набываюць дарагія аб'екты.
Большасць жа разглядае звычайныя сярэднестатыстычныя кватэры, бо сапраўды багатыя людзі з Расіі імкнуцца набываць нерухомасць усё ж не ў Беларусі.
Рыэлтар кажа, што хоць попыт і падрос, купляюць кватэры расіяне не вельмі актыўна, а як курс расійскага рубля пачаў прасядаць, то нерухомасць у Беларусі для іх таксама падаражэла.
Падобную карціну апісвае брэсцкі рыэлтар, які адзначае пэўны рост цікавасці з боку расіян, але праз высокі кошт (Брэст — самы дарагі абласны цэнтр) многія ў выніку нічога так і не набываюць.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Уплыў з боку замежных пакупнікоў ён называе мінімальным.
Атрымліваецца, што попыт з боку расіян сапраўды падрос, але рыэлтары сыходзяцца на думцы, што не настолькі моцна, каб можна было казаць, што нерухомасць у Беларусі даражэе менавіта праз пакупнікоў з Расіі.
Што да агульных лічбаў, то на іх сапраўды маглі паўплываць здзелкі з недарагімі аб'ектамі, якія купляюць расіяне для афармлення ДНЖ.
Да таго ж, каля 3% продажаў прыходзілася на расіян і ў 2021-м, калі не было ніякага ўплыву на рынак ад вайны. Таксама трэба ўлічваць, што частка грамадзян Расіі, якая купляе нерухомасць, — гэта людзі, якія даўно ці нават усё жыццё жывуць у Беларусі.