Мерц «глыбока шакаваны» перамогай «Альтэрнатывы для Германіі» ў Саксоніі-Анхальт
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц пракаментаваў вынікі выбараў у зямлі Саксонія-Анхальт, дзе ўпэўненую перамогу атрымала правапапулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ), піша Deutsche Welle.
Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Matthias Schrader
Мерц заявіў, што і яго самога, і Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) вынік АдГ «глыбока шакаваў», бо такога высокага паказчыка ад гэтай партыі не чакалі.
Мерц назваў вынік ХДС адной з самых цяжкіх параз партыі на выбарах за апошнія дзесяцігоддзі. Паводле яго, вынікі галасавання важныя не толькі для Саксоніі-Анхальт, але і для ўсёй Германіі. Канцлер прызнаў, што ХДС не можа і надалей працаваць з ранейшым парадкам дня і павінен зрабіць адпаведныя высновы.
Ён таксама заявіў пра неабходнасць правядзення ў Германіі фундаментальных рэформаў. Мерц падкрэсліў, што ўладам трэба больш эфектыўна тлумачыць грамадзянам сутнасць гэтых змен, у тым ліку звяртаючы ўвагу на страхі людзей за будучыню, эканамічную стабільнасць і сацыяльную абароненасць.
Канцлер запэўніў, што дзяржаўныя інстытуты Германіі застаюцца ўстойлівымі, а Асноўны закон працягвае дзейнічаць. Ён паабяцаў абараняць канстытуцыю і ўлічваць сур'ёзнасць сітуацыі пасля перамогі АдГ. Паводле Мерца, Нямеччына таксама будзе захоўваць шчыльныя сувязі з іншымі еўрапейскімі краінамі.
Паводле папярэдніх афіцыйных вынікаў, АдГ атрымала ў Саксоніі-Анхальт 43,8% галасоў. ХДС заняў другое месца з 17,2%, амаль удвая скараціўшы свой вынік у параўнанні з папярэднімі выбарамі. СДПГ набрала 9,3%, «Зялёныя» — 8,9%, Левая партыя — 8,6%, а «Саюз Сары Вагенкнехт» — 5,3%.
У зямельны парламент прайшлі шэсць партый. АдГ атрымае 39 з 83 мандатаў, ХДС — 15, Левая партыя, «Зялёныя» і СДПГ — па 8, а ССВ — 5 месцаў. Яўка склала 77,8%. АдГ цяпер можа паспрабаваць сфармаваць кааліцыю з «Саюзам Сары Вагенкнехт».
Чытайце таксама:
«Альтэрнатыва для Германіі» перамагае на выбарах у Саксоніі-Анхальт
У офісе палітыка ад «Альтэрнатывы для Германіі» знайшлі кубак з надпісам «Армія Расіі»
У Германіі Расія напярэдадні выбараў запусціла кампанію «Матрошка»