БЕЛ Ł РУС

Пінскі суднабудаўнічы завод упершыню за доўгі час пабудаваў новае судна ВІДЭА

8.09.2026 / 09:51

Nashaniva.com

Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод спрабуе аднавіць вытворчасць суднаў. Новы трымаран «Верас» цяпер праходзіць водныя выпрабаванні.

Судна разлічана на 12 пасажыраў і капітана. Яно можа развіваць хуткасць да 7,5 вузла, мае водазмяшчэнне каля 3,2 тоны і аснашчана маторам магутнасцю 40 конскіх сіл.

Пакуль на трымаране ўсталявалі толькі самае неабходнае: сядзенні, рулявую калонку, дыстанцыйнае кіраванне маторам і скрыні для выратавальных камізэлек. Пасля прыёмкі спецыяльнай камісіяй там могуць з’явіцца стэрэасістэма, халадзільнік, ахова ад сонца і дажджу, стол для пасажыраў і карабельны звон.

Як патлумачылі на заводзе, трымаран адносіцца да суднаў унутранага воднага транспарту, таму яго можна выкарыстоўваць для камерцыйных пасажырскіх перавозак.

Завод ужо атрымаў запыт ад аднаго з санаторыяў. Калі патэнцыйны заказчык вырашыць набыць судна, першы трымаран прададуць.

«Цяпер не так шмат магчымасцяў прагуляцца па рацэ Піне. Думаю, гэта даволі неблагі спосаб правесці час, асабліва ў выхадныя і разам з сям’ёй», — адзначыў інжынер-канструктар прадпрыемства Дзмітрый Пратасевіч.

Трымаран назвалі «Верас» у гонар супрацоўніцы прадпрыемства Веры Серафімаўны, якая ўдзельнічала ў стварэнні праекта ад самага пачатку. Завадскія выпрабаванні судна прайшлі паспяхова.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула