Спектаклі пра жыццё ў Беларусі пасля 2020 года, мацярынства і ўцекачоў — што яшчэ чакае гледачоў на міжнародным тэатральным фестывалі ў Познані?
11 верасня ў Познані стартуе міжнародны тэатральны фестываль «Другая спроба» («Druga Próba. Teatr ponad granicami»), на якім пакажуць пастаноўкі творцаў з Беларусі, Украіны і Польшчы.
Сярод важных анонсаў — пастаноўка рэжысёркі Наталлі Ляванавай «Пчала ў горле» па п’есе ананімнай аўтаркі знутры краіны, якая шчыра раскрывае тэму жыцця ў Беларусі пасля 2020 года.
Пастаноўка «Уцекачы 1915» з удзелам беларускіх акцёраў Андрэя і Дар’і Новікаў і Аляксея Сапрыкіна.
Гледачы таксама змогуць убачыць манадраму «LUBA» у рэжысуры Марыі Бруні, якая закранае складаную тэму мацярынства і маральнай адказнасці; харэаграфічны спектакль «Tsundoku» Вольгі Кебас, засяроджаны на ўнутраных маналогах сучаснай жанчыны.
Асобнае месца ў афішы займаюць перфарматыўныя чытанні п’ес сучасных аўтарак, якія пройдуць 18 і 19 верасня ў Бібліятэцы імя Рачыньскіх. Беларускіх творцаў тут рэпрэзентуюць драматургіня Жэня Давідзенка і рэжысёрка Юлія Шаўчук з іх пастаноўкай «Як пазбавіцца сораму».
Гледачы таксама змогуць пабачыць пастаноўку «Бежанцы 1915» беларускага рэжысёра і акцёра Андрэя Новіка. З цікавостак спектакля — яго шматмоўе. Са сцэны прагучыць як польская, беларуская, руская мовы, так і падляшскі дыялект.
Дадаткова ў межах фестывалю пройдзе дыскусія «Тэатр як адлюстраванне грамадска-палітычных працэсаў: Беларусь, Украіна, Польшча».
Адукацыйны складнік пашыраны і за кошт інтэнсіўных трохдзённых лабараторных прац у рамках тэатра-дакумента, дзе сумесныя міжнародныя групы будуць працаваць над асабістымі біяграфіямі.
Афіша да спектакля «Пчала ў горле» ў рэжысуры Наталлі Леванавай. Фота: сацсеткі Barak kultury.
Гісторыя фестывалю «Другая спроба» пачалася як натуральны адказ нa хвалі вымушанай эміграцыі творцаў, якія пакінулі свой дом пасля драматычных падзей 2020 года ў Беларусі і пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Многія прафесійныя акцёры, рэжысёры і драматургі, апынуўшыся ў чужой краіне без ведання мовы і прафесійных сувязей, сутыкнуліся з феноменам «прафесійнай нябачнасці», калі прызнаныя майстры сцэны і людзі культуры былі вымушаныя працаваць на будоўлях або складах адзення.
Сімвалічная назва «Другая спроба» стала для іх рэальным шанцам вярнуцца ў прафесійны тэатр, аднавіць страчаную суб'ектнасць і зноў атрымаць голас у публічнай прасторы.
Больш інфармацыі пра фестываль і яго праграма — па спасылцы.