БЕЛ Ł РУС

На сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі заклікалі стварыць Сусветны беларускі кангрэс

9.09.2026 / 10:45

Nashaniva.com

5—7 верасня ў Нью-Ёрку прайшла 36‑я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі — найстарэйшы рэгулярны форум беларускай дыяспары ЗША і Канады, што ладзіцца раз на два гады.

У Нью-Ёрку прайшла 36‑я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

Як паведаміў Свабодзе ўдзельнік падзеі Алесь Кот, 36‑я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі выступіла з ініцыятывай распачаць працу над стварэннем Сусветнага беларускага кангрэсу. На форуме таксама абмеркавалі міжнародную супрацу беларускай дыяспары, беларускую прысутнасць у сучаснай інфармацыйнай прасторы.

«Падзеі ў Беларусі і свеце, пагрозы беларускай дзяржаўнасці, новая хваля эміграцыі і значнае пашырэнне беларускай прысутнасці ў розных краінах паставілі перад удзельнікамі пытанне не толькі пра захаванне традыцыйных асяродкаў, але і пра новыя формы супольнага дзеяння і адказнасці за будучыню Беларусі», — паведаміў удзельнік форуму Алесь Кот.

Гаворка ішла пра кансалідацыю беларускай дыяспары і стварэнне сталага механізму сувязі паміж беларускімі арганізацыямі розных краін. Удзельнікі прыйшлі да высновы: сусветная беларуская супольнасць мае значны чалавечы, прафесійны і арганізацыйны патэнцыял, аднак рэгулярныя сувязі і абмен інфармацыяй паміж яе асяродкамі застаюцца недастатковымі.

Удзельнікі сустрэчы палічылі мэтазгодным вынесці ідэю Сусветнага беларускага кангрэсу на больш шырокае абмеркаванне.

Гэтая думка знайшла адлюстраванне ў рэзалюцыі 36‑й Сустрэчы, у якой адзначана, што «ва ўмовах, калі мільёны беларусаў пазбаўленыя магчымасці свабодна ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці сваёй краіны, асаблівую вагу мае беларуская дыяспара як неад'емная частка беларускай нацыі».

Ад імя ўдзельнікаў 36‑й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі прагучаў заклік: «Дзе б мы ні жылі, мы застаемся адной Беларускай Нацыяй. Ніводная беларуская супольнасць на чужыне ніколі не можа стаць заменай Беларусі. Наша Бацькаўшчына — у Беларусі».

Адным з інструментаў беларускага яднання прапануецца зрабіць Сусветны беларускі кангрэс.

Мадэль, структура, паўнамоцтвы і прынцыпы прадстаўніцтва кангрэсу пакуль не вызначаныя. Гэтыя пытанні прапануецца вынесці на шырокае абмеркаванне беларускай дыяспары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула