БЕЛ Ł РУС

19‑гадовая расіянка засвоіла беларускую лепш за многіх беларусаў і цяпер марыць пра сіні пашпарт замест чырвонага

13.09.2026 / 13:11

Nashaniva.com

Яўгеніі Шафараставай — 19 гадоў. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Томску, але ў падлеткавым узросце пераехала ў Брэст з бацькамі — тату прапанавалі там працу.

Яўгенія Шафарастава. Фота: інстаграм @zhenya.shaforostova

За пару гадоў Жэня вывучыла беларускую мову на выдатна, і здала ЦТ па ёй усяго з адной памылкай. Акрамя таго, расіянка папулярызуе беларускую мову ў сваім блогу і марыць атрымаць беларускае грамадзянства.

«Вырашыла стаць сапраўднай беларусачкай, бо ўсе вакол мне кажуць, што я больш беларуска, чым некаторыя беларусы па нараджэнні», — каментуе Яўгенія.

Ужо ў школе Жэня пачала цягнуцца да беларушчыны, хаця, як расказвае яна, класная настаўніца ўвесь час нагадвала, што дзяўчына размаўляе «нячыста».

«Класная казала, што ў мяне ярка выяўлены рускі акцэнт, і я была ўпэўненая ў гэтым з 8‑га класа, хаця беларусы і ўкраінцы, якія глядзяць мае відэа зараз, упэўніваюць мяне ў адваротным».

У канцы навучальнага году ў 10‑м класе, дзяўчына перавяла сацсеткі на беларускую мову, каб яшчэ лепш падцягнуць свой узровень.

«Я магла посціць па 10 сторыс на дзень, і ўсе — на беларускай мове. Усё пісала сама, толькі калі забывала нейкае слова, заходзіла ў інтэрнэт», — згадвае Яўгенія. Такая тактыка, па яе словах, і дапамагла ёй здаць ЦТ па беларускай мове ўсяго з адной памылкай.

Будучы школьніцай, Яўгенія заняла трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе з даследчай працай на беларускай мове, прысвечанай муралам і айдэнтыцы хат Брэста і стрыт-культуры горада.

«Гучанне беларускага маўлення вельмі мяне супакойвае і натхняе адначасова», — кажа дзяўчына.

Сёння Яўгенія вучыцца на будаўнічым факультэце БНТУ. Імкнецца быць актыўнай студэнткай. Так, яна стала фіналісткай конкурсу «Міс БНТУ — 2025».

Таксама Жэня займаецца танцамі — выступае ў калектыве «Буддэнс» на сваім жа факультэце.

Пра тое, што Яўгенія — расіянка, ведала абмежаванае кола знаёмых, пакуль яна падзялілася гэтым у сацсетках. У каментарах многія выказвалі сумневы, што расіянка можа так добра размаўляць па-беларуску. Каб даказаць, Жэні прыйшлося прадэманстраваць свой пашпарт.

Для пацвярджэння свайго расійскага грамадзянства Жэні прыйшлося прадэманстраваць свой пашпарт

Жэня і сама адчувае сябе больш беларускай, таму вырашыла змяніць грамадзянства і атрымаць беларускі пашпарт. У сваім жа блогу яна дзеліцца сваімі знаходкамі беларускіх брэндаў, здымае агляды на беларускія кавярні і расказвае пра стылёвы рамонт у інтэрнаце сваімі рукамі.

«Такім новым беларусам мы радыя».

«Такіх мы сардэчна запрашаем у нашу беларускую сям’ю».

«Расіянка размаўляе па-беларуску! Нават беларусы шмат якія не размаўляць, рэспект!» — не хаваюць захаплення каментатары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула