БЕЛ Ł РУС

Паўлючэнка пра вяртанне Пачобута: «Пункт біфуркацыі, пасля якога шмат зменіцца»

9.09.2026 / 17:37

Вінцэсь Клепачэня

Фёдар Паўлючэнка ў эфіры ютуб-канала «Саша, что ты несёшь?!» расказаў, чаму лічыць рашэнне былога палітвязня Анджэя Пачобута вярнуцца ў Беларусь значнай палітычнай падзеяй і якія наступствы яна, на яго думку, можа мець.

Анджэй Пачобут у Гродне. Фота: facebook.com/andrzej.poczobut.9

«Я бачу ў самім гэтым прыездзе вельмі шмат сімвалізму. І я думаю, што наогул гэта ягонае рашэнне паехаць і паездка — гэта такі пункт пералому, пункт біфуркацыі, пасля якога шмат зменіцца», — заявіў Паўлючэнка у жывым эфіры ютуб-канала «Саша, что ты несёшь?!»

Паўлючэнка нагадаў, што пасля адносна спакойнага лета восенню актывізуюцца палітычныя працэсы як у рэгіёне, так і ў свеце. Вяртанне Пачобута ў Беларусь ён разглядае як частку гэтых працэсаў.

«Вось гэты прыезд Анджэя Пачобута, мне здаецца, з'яўляецца дастаткова істотнай часткай усяго гэтага палітычнага працэсу, які ідзе ў рэгіёне».

Асаблівую ўвагу аналітык звярнуў на тое, што адбываецца пасля прыезду Пачобута. Нягледзячы на рэпрэсіўную сітуацыю ў краіне і негатыўную рэакцыю прапагандыстаў, беларускія ўлады яго не затрымалі.

«Прыязджае чалавек, плюе на пагрозы з боку ордэнаносцаў-прапагандыстаў, прыязджае ў Гродна. Ужо ў Азаронка п*рдак лопнуў з-за таго, што ён сфатаграфаваўся на фоне былых казармаў 81‑га пяхотнага палка. Апошні пункт абароны горада ў верасні 1939 года».

Аднак значна важнейшым за рэакцыю прапаганды, на думку Паўлючэнкі, будзе тое, ці зможа Пачобут бесперашкодна заставацца ў Беларусі.

«Калі з Пачобутам усё будзе ў парадку, то гэта, я б сказаў, адкрывае дарогу для доўгаграючых высноў.

Усё крычыць пра тое, што прыезд Пачобута павінен быў справакаваць рэакцыю з боку Крамля. Я (…) кажу пра куратараў, якія канкрэтна кантралююць беларускую сітуацыю».

Паўлючэнка лічыць, што для гэтых людзей сам факт вяртання Пачобута ў Беларусь павінен быць «цалкам непрымальным».

«На фоне таго, што Крэмль сабе спрабуе дазволіць зрабіць, прыезд Пачобута, прычым проста з выклікам, павінен прывесці да нейкай адваротнай рэакцыі. (…)

Дык вось, калі гэтай рэакцыі не наступіць, калі ён спакойна прыедзе і выедзе, то можна будзе казаць (я сам не чакаў, што гэта скажу), пра пэўную самастойнасць Лук[ашэнк]і ў нейкіх пытаннях».

Чытайце таксама:

Сябар Пачобута: Пасля тыдня ў Беларусі Андрэй паедзе ў Амерыку

Бяляцкі: Пакуль не раю іншым паўтараць Пачобута

Сяргей Ціханоўскі: Пасля ўчынку Пачобута адмоў беларусам у прытулку будзе яшчэ больш

Каментары да артыкула