У Белаазёрску каля дзіцячага сада затрымалі мужчыну з вінтоўкай
У Белаазёрску каля дзіцячага сада затрымалі 61‑гадовага мужчыну з вінтоўкай. Жанчына, якая праязджала міма, заўважыла ўзброенага чалавека ў аўтамабілі і паведаміла пра гэта ў міліцыю. Мужчына трымаў вінтоўку ў руках і цэліўся ў бок дашкольнай установы, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: pixabay.com
Падчас праверкі, праўда, высветлілася, што страляць па людзях мужчына не збіраўся. Паводле яго слоў, ён хацеў напалохаць ката, які залез на капот ягонай машыны. Мужчына сцвярджаў, што дваровыя жывёлы ўжо неаднаразова драпалі ягоны аўтамабіль. Стрэліць ён так і не паспеў.
Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз
Вінтоўку пасля таго канфіскавалі і накіравалі на экспертызу. Спецыялісты высветлілі, што гэта пнеўматычная вінтоўка калібру 4,5 мм, заводская канструкцыя якой была зменена.
Пасля пераробкі дульная энергія зброі павялічылася да 10,5 Дж, што перавышае ўстаноўлены парог у 7,5 Дж. Такая пнеўматычная зброя падлягае абавязковай рэгістрацыі. Эксперты прызналі вінтоўку прыдатнай для стральбы.
За парушэнне тэрмінаў рэгістрацыі такой зброі прадугледжаны штраф ад 4 да 15 базавых велічынь. За незаконнае нашэнне або перавозку — ад 8 да 10 базавых велічынь. Акрамя таго, зброю могуць канфіскаваць.
Чытайце таксама:
У Маладзечне месціч страляў з пнеўматычнага пісталета па вокнах дома