БЕЛ Ł РУС

МУС возьме пад свой кантроль усе дамафоны краіны

10.09.2026 / 16:23

Nashaniva.com

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што ў выпадку ўвядзення ліцэнзавання дзейнасці па ўстаноўцы і абслугоўванні дамофонаў Дэпартамент аховы МУС зможа ўзяць гэтыя работы на сябе, калі не будзе ліцэнзаванага пастаўшчыка паслуг.

Іван Кубракоў. Фота прэс-службы МУС

Па словах Кубракова, ідэя ўвесці такое ліцэнзаванне атрымала падтрымку Лукашэнкі. Пастаўлена задача зрабіць гэта аператыўна. Цяпер у Беларусі абслугоўваннем дамофонаў займаюцца 82 юрыдычныя асобы і 14 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Міністр патлумачыў неабходнасць зменаў тым, што якасцю паслуг, якія аказваюць камерцыйныя арганізацыі, грамадзяне часта незадаволеныя і са сваімі прэтэнзіямі звяртаюцца не да гэтых кампаній, а да прадстаўнікоў дзяржаўных камунальных службаў.

Паводле яго слоў, з ініцыятывы МУС у законапраект уносяцца нормы, якія прапануюць лічыць дамофонныя сістэмы часткай тэхнічных сістэм аховы. Праца з такімі сістэмамі ў такім выпадку будзе адносіцца да відаў дзейнасці, якія патрабуюць ліцэнзіі. Неабходнасць новаўвядзенняў тлумачыцца тым, што ў дзейным заканадаўстве адпаведнага паняцця пакуль няма, а яго вызначэнне ў дзяржаўных стандартах мае рэкамендацыйны характар.

Кубракоў запэўніў, што калі ліцэнзаванай арганізацыі, здольнай абслугоўваць дамофоны, не знойдзецца, гэтыя паслугі будуць аказваць падраздзяленні Дэпартамента аховы МУС. Паводле міністра, іх магчымасці дазваляюць абслугоўваць увесь жылы фонд краіны.

Акрамя таго, у МУС плануюць стварыць сістэму, якая дазволіць супрацоўнікам экстранных службаў і сілавых структур аператыўна атрымліваць доступ у будынкі. Яна таксама павінна дазваляць апавяшчаць людзей у выпадку небяспекі і дыстанцыйна разблакоўваць замкі дамофонных сістэм.

Пілотны праект такой сістэмы кіравання доступам ужо запусцілі ў Цэнтры маніторынгу Дэпартамента аховы МУС. Да яе падключылі 494 аб’екты.

Чытайце таксама:

На вучэннях на Віцебшчыне ловяць людзей з заплечнікамі і джыпы, якія «збіраюцца прарваць мяжу»

«Беларусьфільм» распачаў здымкі серыяла пра міліцыю, сцэнарый якога прабіў Кубракова на слязу

«Відаць, не вытрымалі нервы». Кубракоў заступіўся за таксіста-мігранта, які ўдарыў пасажырку

Каментары да артыкула