БЕЛ Ł РУС

Ва Узбекістане вырашылі падкарэктаваць алфавіт. У ім стане больш літар

10.09.2026 / 20:15

Nashaniva.com

Сенат Узбекістана ўхваліў закон аб змяненні ўзбекскага алфавіта на аснове лацінскай графікі і накіраваў яго на разгляд прэзідэнту Шаўкату Мірзіёеву. Новы варыянт будзе складацца з 28 літар і аднаго апострафа замест цяперашніх 26 літар і трох спалучэнняў літар, паведамляе Gazeta.uz.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: gazeta.uz

Неабходнасць рэформы патлумачылі не толькі з арфаграфіяй, але і з праблемамі выкарыстання ўзбекскай мовы ў лічбавым асяроддзі. Пытанне ўдасканалення ўзбекскай лацініцы заставалася нявырашаным каля 30 гадоў. У 2023 годзе Мірзіёеў прапанаваў перагледзець алфавіт і даручыў спецыялістам падрыхтаваць адпаведны законапраект.

Паводле прапанаваных зменаў, чатыры гукі, якія цяпер ва ўзбекскім алфавіце перадаюцца спалучэннямі з дзвюх літар, атрымаюць асобныя сімвалы. Замест Sh будзе выкарыстоўвацца Ş, замест Ch — Ç, замест Oʻ — Ö, а замест Gʻ — Ğ. Астатнія літары застануцца без зменаў.

Асаблівай праблемай улады лічаць напісанне Oʻ і Gʻ. На камп’ютары для набору такіх сімвалаў у некаторых выпадках патрабуецца выканаць да шасці дзеянняў, а на практыцы выкарыстоўваецца больш за дзесяць розных варыянтаў апострафаў і іншых знакаў. У выніку камп’ютарныя праграмы і пошукавыя сістэмы могуць успрымаць аднолькавыя словы як розныя. Гэта ўскладняе стварэнне электронных слоўнікаў, праграм і іншых лічбавых прадуктаў на ўзбекскай мове.

Змены таксама закрануць спалучэнні Ch і Sh. Сенатар адзначыў, што адпаведныя гукі вельмі часта выкарыстоўваюцца ва ўзбекскай мове — паводле яго слоў, у тры-пяць разоў часцей, чым у англійскай. Выкарыстанне двухлітарных спалучэнняў можа ўскладняць напісанне і чытанне слоў і прыводзіць да арфаграфічнай блытаніны.

Распрацоўшчыкі лічаць, што новыя асобныя сімвалы павінны палегчыць лічбавізацыю ўзбекскай мовы. Паводле заяў сенатара, гэта можа ўтрая паскорыць стварэнне нацыянальных клавіятур і мадэляў штучнага інтэлекту, у тым ліку сістэм пераўтварэння тэксту ў маўленне.

Абноўлены алфавіт таксама павінен адпавядаць міжнародным стандартам ISO і спрасціць працу з дакументамі за мяжой. Яго збліжэнне з алфавітамі іншых цюркамоўных краін, якія выкарыстоўваюць лацінку, як мяркуюць аўтары рэформы, можа палегчыць кнігаабмен і пераклады, а таксама спрыяць развіццю культурных, навуковых і эканамічных сувязяў.

Пераход на новы алфавіт будзе адбывацца паступова. Да ўступлення новых нормаў у сілу дазволяць выкарыстоўваць дакументы, нацыянальную валюту і каштоўныя паперы, аформленыя паводле дзейнага алфавіта. Дзяржаўным органам і арганізацыям таксама не давядзецца адразу мяняць ранейшыя сімвалы і іншыя элементы афармлення.

Старыя шыльды, паказальнікі з назвамі геаграфічных аб’ектаў, элементы афармлення будынкаў і іншыя падобныя аб’екты можна будзе захоўваць да іх фізічнага зносу або да тэрмінаў, якія вызначыць спецыяльная праграма рэалізацыі закона.

Чытайце таксама:

Цюркскія дзяржавы дамовіліся пра адзіны лацінскі алфавіт. Убаку толькі Кыргызстан

Некалькі краін былога СССР самастойна зацвердзяць нацыянальныя алфавіты на базе агульнацюркскага

Цюркскія дзяржавы Цэнтральнай Азіі задумаліся пра пераход на агульны алфавіт

Каментары да артыкула