У Смалявічах затапіла цэнтр горада. Камунальнікі вінавацяць вільготныя сурвэткі
Жыхары Смалявічаў ужо другі дзень назіраюць у цэнтры горада працу спецтэхнікі камунальных службаў. Пасля нядаўняга сур'ёзнага засору на вуліцы Камсамольскай адбылася новая аварыя, у выніку якой каналізацыйныя сцёкі пайшлі ў падвалы гарадскога Дома культуры і размешчанага побач дзіцячага сада, піша выданне Smolevichi24.by.
Фота: smolevichi-24.by
Дырэктар Смалявіцкага водаканала Яўген Мікалаеў расказаў, што новы засор пачалі ліквідаваць яшчэ ў другой палове дня 9 верасня. Работнікі прадпрыемства працавалі да 23‑й гадзіны, а раніцай 10 верасня працягнулі работы.
Прычынай аварыі сталі вялікія коркі з вільготных сурвэтак і ануч, якія людзі змываюць ва ўнітазы. Яны заблакавалі каналізацыйны калектар, пасля чаго сцёкі пачалі выходзіць у падвальныя памяшканні.
Фота: smolevichi-24.by
Камунальнікі прачысцілі ўжо амаль паўкіламетра каналізацыйных сетак. Для ліквідацыі засору задзейнічалі гідрадынамічную машыну, якая прамывае трубы пад высокім ціскам, і магутную вакуумную машыну. Значную частку смецця, аднак, даводзіцца даставаць уручную.
Фота: smolevichi-24.by
Толькі за вечар работнікі вынялі з калодзежа каля 10 вёдраў смецця. Усяго ўжо дасталі больш за 200 кілаграмаў зляжалых сурвэтак і ануч, але калодзеж усё яшчэ застаецца запоўненым.
Калі прабіць засор не ўдасца, камунальнікам можа спатрэбіцца перакапаць усю плошчу ў цэнтры горада. Калектары там знаходзяцца на глыбіні каля пяці метраў, а ў грунце ёсць плывун. Для пракладкі аднаго калектара можа спатрэбіцца катлаван шырынёй не менш за шэсць метраў. Такія работы будуць складанымі і дарагімі, а на іх выкананне можа спатрэбіцца не менш за месяц.
Фота: smolevichi-24.by
Дырэктар водаканала заклікаў жыхароў не змываць ва ўнітазы вільготныя сурвэткі, вільготную туалетную паперу, сродкі гігіены, падгузнікі, анучы і рэшткі ежы. Гэтыя рэчы не раствараюцца ў вадзе, назапашваюцца ў трубах, могуць пашкоджваць помпы і прыводзіць да затаплення падвалаў дамоў і розных устаноў.
Жыхарам раяць паставіць у прыбіральні звычайную сметніцу і выкідаць такое смецце ў яе, а не ў каналізацыю.
Чытайце таксама:
Падчас пажару ў Смалявіцкім раёне загінулі чатыры чалавекі
У Смалявічах расіянін на дзіцячай пляцоўцы напаў на школьніка
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі
Праз моцны вецер без святла і вады засталіся Смалявічы
«Пры +30 немагчыма адкрыць вокны». Жодзінцы скардзяцца: у горадзе смярдзіць гаўном