БЕЛ Ł РУС

20‑гадовы беларус ажаніўся з 41‑гадовай жанчынай дзеля адтэрміноўкі ад арміі. Але план не спрацаваў

11.09.2026 / 11:11

Nashaniva.com

Суд прызнаў шлюб несапраўдным.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

У Полацку суд прызнаў несапраўдным шлюб 20‑гадовага мужчыны прызыўнога ўзросту з 41‑гадовай жанчынай, якая мае інваліднасць II групы. Як устанавіў суд, саюз быў зарэгістраваны для атрымання адтэрміноўкі ад тэрміновай службы, піша Reform.news.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, малады чалавек не працаваў і не вучыўся. Пасля рэгістрацыі шлюбу ваенкамат даў яму адтэрміноўку па сямейным становішчы, паколькі заканадаўства Беларусі прадугледжвае яе для грамадзян, якія маюць жонку з інваліднасцю I або II групы.

Праверка ўстанавіла, што сужэнцы не мелі намеру ствараць сям'ю, не вялі супольнай гаспадаркі, не мелі агульнага бюджэту і пастаянна разам не пражывалі. За больш чым паўтара года шлюбу яны пражылі сумесна каля паўтара месяца.

Да моманту судовага разгляду мужчына жыў з бацькамі, а яго жонка — з іншым чалавекам. Сямейных і блізкіх адносін паміж імі не было.

Пракурор Полацкага раёна звярнуўся ў суд у інтарэсах дзяржавы ў асобе ваеннага камісарыята Полацкага і Расонскага раёнаў і Наваполацка. Суд задаволіў іск і прызнаў шлюб несапраўдным. З кожнага з сужэнцаў спагналі дзяржмыта ў памеры 67,5 рубля.

Рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана або апратэставана ў апеляцыйным парадку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула