Ультраправы польскі палітык выклаў відэа, як калоціць малатком помнік УПА
Лідар ультраправай партыі «Канфедэрацыя польскай кароны» Гжэгаж Браўн пашкодзіў помнік УПА ў польскай вёсцы Бялысток Люблінскага ваяводства.
Гжэгаж Браўн б'е молатам па помніку УПА ў польскай вёсцы. Скрыншот відэа: GrzegorzBraun_ / X
Браўн выклаў відэа, як б'е молатам па помніку, дзе на камені нанесены імёны ўкраінцаў.
Ён заявіў, што гэты помнік трэба неадкладна знесці — гэтым, лічыць ён, яшчэ пасля адкрыцця павінна была заняцца паліцыя ці іншыя службы.
«Гэты абеліск, які абражае памяць ахвяр украінскага генацыду супраць палякаў, мусіць быць дэмантаваны з дапамогай прафесійнага абсталявання, якое трэба неадкладна даставіць сюды пасля дакументавання злачынства апраўдання нацызму і бандэрызму», — выказаўся Браўн.
Летась Браўн быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах Польшчы. Кампанію праводзіў пад лозунам «прэч камунізм, прэч яўрэекамунізм, прэч еўракамунізм». Ён выступаў супраць «украінізацыі Польшчы», за вяртанне смяротнага пакарання, забарону прапаганды «ідэалогіі ЛГБТ» і ўвядзенне ў польскае заканадаўства паняцця «замежнага агента».
Помнік пастаўлены ў памяць пра ўкраінцаў, якія загінулі ў баях супраць савецкага НКВД, піша «Еўрапейская праўда». Менавіта тут у 1946 годзе пахавалі загінулых украінцаў, таму помнік усталяваны непасрэдна на месцы масавага пахавання.
Месца памяці функцыянуе з 90‑х гадоў, а ў цяперашнім выглядзе з 2019 года. Абеліск ужо некалькі разоў зазнаваў вандалізм. Улетку 2026 года яго запэцкалі фарбай з балончыка, а таксама выразалі арку, якая ўпрыгожвала камень. Пасольства Украіны тады афіцыйна асудзіла гэты акт вандалізму.
На днях гэты помнік ужо перажыў чарговы акт вандалізму, паліцыя шукае датычных.