Пуцін пагражае Еўропе вайной у выпадку ўводу еўрапейскіх войскаў ва Украіну
Абмеркаванне гарантый бяспекі для Украіны ён прадставіў як спробу перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны.
Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP
Уладзімір Пуцін заявіў, што размяшчэнне вайсковага кантынгенту еўрапейскіх краін на тэрыторыі Украіны будзе азначаць вайну з Расіяй. Пра гэта прэзідэнт Расіі заявіў у каментары расійскім прапагандыстам пасля саміту БРІКС у Дэлі, піша «Украінская праўда».
Падчас свайго выступу Пуцін звярнуўся з адкрытымі пагрозамі да еўрапейскіх дзяржаў, абвінаваціўшы іх кіраўнікоў у тым, што яны нібыта падштурхоўваюць уласнае насельніцтва да непасрэднага сутыкнення з Расіяй.
Абмеркаванне гарантый бяспекі для Украіны ён падаў як спробу перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны.
«Яны хочуць перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны? Да чаго яны цяпер падштурхоўваюць народы сваіх краін? Да вайны з Расійскай Федэрацыяй? Цяпер яны гавораць пра тое, што разглядаюць магчымасць уводу войскаў на тэрыторыю Украіны. Гэта азначае вайну з Расіяй», — заявіў ён.
Адразу пасля пагроз кіраўнік Крамля заявіў, што Расія нібыта «ніколі не пагражала» еўрапейцам, а сцвярджэнні пра пагрозы з боку Масквы нібыта з'яўляюцца выдумкай.
«Ды няма такой пагрозы і ніколі не было. Мы не пагражаем і не збіраемся пагражаць еўрапейскім краінам. З чаго б гэта? Ніхто нават не задумваецца пра тое, што ў нас няма падстаў для нейкага канфлікту з Еўропай», — сказаў Пуцін.