У Польшчы вучыцца амаль 11 тысяч беларускіх студэнтаў
Найбольш беларусаў вучылася ў Варшаўскім універсітэце — 490 чалавек.
Галоўная брама Варшаўскага ўніверсітэта, дзе беларусаў вучыцца найбольш. Фота: Wikimedia Commons
10 710 беларускіх студэнтаў праходзілі навучанне ў польскіх ВНУ ў зімовым семестры 2025/2026 навучальнага года (на 31 снежня 2025 года). Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе намесніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шэптыцкага на адпаведны запыт намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, паведамляе тэлеграм-канал АПК.
Згодна з прадстаўленай інфармацыяй, найбольш беларусаў вучылася ў Варшаўскім універсітэце — 490 чалавек.
У лідарах таксама Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне — 486, Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані — 453, Польска-Японская акадэмія камп’ютарных тэхналогій — 405 і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — 391.
Акрамя таго, прынамсі 566 беларускіх студэнтаў здабываюць адукацыю ў медыцынскіх ВНУ Польшчы, а 54 беларускія навукоўцы і даследчыкі працуюць у польскіх акадэмічных установах.
Прадстаўнік АПКУ па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што вялікая колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы сведчыць пра выбар многімі маладымі людзьмі і іх бацькамі якаснай еўрапейскай адукацыі замест ідэалагізаванага навучання ў Беларусі:
«Колькасць нашых студэнтаў у паасобных універсітэтах Польшчы стварае вялікія зямляцтвы, з якіх, хочацца верыць, выйдуць тыя людзі, хто пасля вернецца змяняць Беларусь. З іншага боку, на жаль, мы назіраем і негатыўны трэнд — скарачэнне колькасці беларускіх навучэнцаў за апошні год, што стала вынікам змены ўмоў прыёмнай кампаніі. Спадзяюся, аднак, гэта не будзе мець працяглага эфекту ў будучыні», — сказаў ён.