БЕЛ Ł РУС

Па колькасці самагубстваў у Еўрасаюзе лідзіруе Літва. А што з гэтым у Беларусі?

12.09.2026 / 16:25

Nashaniva.com

У 2023 годзе Літва мела самы высокі ў Еўрапейскім саюзе паказчык смяротнасці ад самагубстваў — 18,8 выпадку на 100 тысяч жыхароў. Усяго ў краінах ЕС, паводле звестак Еўрастата, за гэты год у выніку наўмыснага прычынення сабе шкоды памерлі 48,3 тысячы чалавек, паведамляе Thinktanks.pro.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Пасля Літвы найвышэйшыя паказчыкі былі ў Славеніі — 16,4 выпадку на 100 тысяч жыхароў, і Венгрыі — 16,1. Найніжэйшая смяротнасць ад самагубстваў была на Кіпры — 3,5 выпадкаў, у Грэцыі — 4,3 і на Мальце — 5,5.

У краінах ЕС узровень смяротнасці ад самагубстваў у цэлым павялічваецца з узростам. Сярод дзяцей да 15 гадоў ён складаў 0,2 выпадку на 100 тысяч чалавек, а сярод людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэй — 17,3 выпадку. У мужчын паказчык быў вышэйшы ва ўсіх узроставых групах, за выключэннем дзяцей да 15 гадоў, дзе паказчыкі для хлопчыкаў і дзяўчынак былі прыкладна аднолькавымі.

У Беларусі афіцыйная статыстыка смяротнасці ад самагубстваў не публікуецца ў адкрытым доступе. Аднак адпаведныя звесткі прыводзяцца ў артыкуле, апублікаваным у выданні «Социологический альманах».

Паводле гэтых даных, найбольш высокі ўзровень самагубстваў у Беларусі быў зафіксаваны ў 1990‑я гады. Калі ў сярэдзіне 1980‑х гадоў ён складаў каля 23 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва, то ў 1996 годзе дасягнуў 47,8 выпадку на 100 тысяч.

У 2023 годзе ў Беларусі на 100 тысяч насельніцтва прыпадала 15 самагубстваў. Гэта было менш за паказчык Літвы, але больш за сярэдні ўзровень у ЕС.

Пры гэтым у Беларусі існуе значная розніца паміж горадам і вёскай. Паводле медыцынскай статыстыкі за 2023 год, у гарадах паказчык складаў каля 11,3 выпадку на 100 тысяч жыхароў, а ў сельскай мясцовасці — 28,6 выпадку. Такім чынам, у вёсках узровень быў больш чым у два з паловай разы вышэйшы, чым у гарадах.

Чытайце таксама:

ЕС разглядае абмежаванні на выкарыстанне сацыяльных сетак дзецьмі

Навучэнец Мінскага політэхнічнага каледжа скончыў жыццё самагубствам. На момант трагедыі ён праходзіў практыку на МЗКЦ

Загінула 18‑гадовая Кацярына Садоўская, дачка маладзечанскай актывісткі Алесі Садоўскай

Каментары да артыкула