БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра хакейнага суддзю, затрыманага па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі

13.09.2026 / 14:50

Nashaniva.com

43‑гадовую мінчанку Таццяну Марцішчанку, якая была цяжарная, верагодна забіў бацька будучага дзіцяці. Цела жанчыны ён вывез у дарожнай сумцы і закапаў за горадам. «Трыбуна» назвала імя затрыманага — 38‑гадовы хакейны суддзя Аляксей Гаўрылёнак. Што пра яго вядома?

Аляксей Гаўрылёнак

Гаўрылёнак сапраўды прафесійны хакеіст, але ў мінулым, расказвае «Трыбуна». Гуляў да 28 гадоў, дзейнічаў на пазіцыі абаронцы, прычым даволі жорстка — у двух сезонах колькасць штрафнога часу пераваліла сто хвілін.

Кар'ера прайшла ў экстралізе — мінскае «Дынама», «Керамін» і «Брэст». Галоўнае дасягненне — Кубак Беларусі ў сезоне-2006/07 з дынамаўцамі. Праўда, Гаўрылёнак у тым турніры правёў толькі адну гульню.

Гаўрылёнак мог гуляць у адной камандзе з Дзмітрыем Баскавым. Гаўрылёнак выступаў за «Брэст» з 2008 да 2015 года, а Баскаў вяртаўся туды на сезон 2008/2009.

Забітая Таццяна Марцішчанка. Фота: інстаграм 

Таксама Гаўрылёнак выступаў за моладзевыя зборныя Беларусі. У складзе U-20 з'ездзіў на чэмпіянат свету-2007. Там правёў шэсць матчаў пры паказчыку карыснасці «-2». Па выніках турніру Беларусь пакінула элітны дывізіён.

У ліпені 2015‑га Гаўрылёнак скасаваў кантракт з «Брэстам» па згодзе бакоў і больш прафесійна не гуляў. Аднак з хакеем не скончыў — стаў арбітрам. Гаўрылёнак у асноўным абслугоўваў матчы чэмпіянату Беларусі. У судзейскія скандалы не трапляў, публічнай крытыкі ад суддзяў і гульцоў у яго бок не было.

Самы сур'ёзны матч у кар'еры адпрацаваў у сакавіку 2019-га. Тады яго паставілі другім галоўным рэферы разам з Уладзімірам Налівайкам на другую гульню паўфінальнай серыі плэй-оф паміж «Нёманам» і «Шахцёрам» (2:5).

У экстралізе-2026/27 папрацаваць не паспеў — турнір стартаваў 9 верасня, на наступны дзень пасля забойства. Затое Кубак краіны гэтым летам зачапіў. 10 жніўня ў Баранавічах судзіў сустрэчу мясцовага «Авіятара» і «Шахцёра» — гэта пакуль апошняя дарослая гульня, на якой ён працаваў.

У 2020‑м Гаўрылёнак выходзіў як гулец за зборную Мінскай вобласці ў матчы супраць каманды Аляксандра Лукашэнкі. Чакана, перамагла каманда Лукашэнкі.

Пасля гэтага Гаўрылёнак працаваў на матчах, дзе гуляла каманда Лукашэнкі, як суддзя. Апошні раз з ей перасекся 14 лютага гэтага года — нічыя са зборнай Мінскай вобласці 5:5 без удзелу самога Лукашэнкі.

Бацька экс-хакеіста, Аляксандр Гаўрылёнак, у мінулым вядомы брамнік. Абараняў вароты мінскага «Дынама» і «Цівалі», чатыры разы браў золата чэмпіянату Беларусі. Мае 17 матчаў за зборную Беларусі, дзе канкурыраваў з Андрэем Мезіным, Аляксандрам Шумідубам і Леанідам Фацікавым. Правёў дзве гульні на чэмпіянаце свету — 1998.

Скончыўшы гуляць пасля сезона 2002/03, Гаўрылёнак-старэйшы стаў трэнерам. Працаваў у сістэме мінскага «Дынама», моладзевых зборных Беларусі і зборнай Эстоніі. З 2009‑га да 2015‑га ўзначальваў «Брэст», дзе ў абароне выступалі яго сыны Аляксей і Мікалай. Першы скончыў кар'еру якраз у гэтай камандзе, калі бацька пакінуў пасаду.

У мінулым сезоне Аляксандр Гаўрылёнак трэніраваў моладзевыя каманды «Пінскіх ястрабаў». Яго старэйшы сын — Мікалай — да «Брэста» гуляў у абароне мінскага «Дынама» (у 2006‑м узяў срэбра экстралігі) і «Нёмана». Закончыў кар'еру ў Жлобіне.

Пра забойства жанчыны стала вядома 11 верасня. Яе шукалі з 8 верасня. Паведамленне пра знікненне Таццяны Марцішчанкі паступіла ў міліцыю ад яе дачкі праз два дні пасля забойства. На працягу сутак падазраванага затрымалі. У дачыненні да яго завялі крымінальную справу.

Таццяна Марцішчанка. Фота: інстаграм 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула