БЕЛ Ł РУС

Айцішнікаў, якія абслугоўвалі «Белсат», абвінавацілі ў вывадзе 1,8 млн даляраў праз фіктыўныя паслугі

13.09.2026 / 17:19

Nashaniva.com

Акруговая пракуратура Варшавы раскрыла схему вываду шматмільённых сродкаў з дзяржаўнага польскага тэлебачання праз фіктыўныя паслугі для тэлеканала «Белсат». Двое падазраваных на працягу некалькіх гадоў падраблялі рахункі-фактуры і завышалі кошт ІТ-работ, нанёсшы вялізныя фінансавыя страты медыяхолдынгу.

Офіс Белсата. Фота: Белсат

Пракуратура выставіла афіцыйныя абвінавачванні двум мужчынам — Кшыштафу М. і Шыману П. Як паведамляе выданне Interia Wydarzenia, крымінальныя справы ініцыяваныя на падставе заявы ліквідатара Telewizja Polska (TVP), пададзенай у ліпені 2024 года. Цяпер ведамства вядзе два асобныя расследаванні, якія тычацца махінацый з фінансамі пры абслугоўванні беларускамоўнага тэлеканала TV Biełsat.

Агульная сума страт, нанесеных асобамі, адказнымі за маёмасныя пытанні TVP у перыяд з жніўня 2018 па студзень 2024 года, ацэньваецца ў больш за 7 мільёнаў злотых, што ў эквіваленце складае каля 1,8 мільёна даляраў.

Згодна з матэрыяламі следства, Кшыштаф М. сістэматычна атрымліваў узнагароджанне за ІТ-паслугі для «Белсата», якіх у рэальнасці не выконваў. Абвінавачваны выставіў 385 фіктыўных рахункаў-фактур на суму каля 4,5 мільёна злотых (звыш 1,1 мільёна даляраў), а пазней выкарыстаў гэтыя падробленыя дакументы пры падачы падатковых дэкларацый. Другое расследаванне, якое ахоплівае перыяд з красавіка 2019 па студзень 2024 года, выявіла выставу фальшывых ПДВ-фактур на суму звыш 5,1 мільёна злотых (прыкладна 1,3 мільёна даляраў) за неаказаныя паслугі.

Другі фігурант справы, Шыман П., абвінавачваецца ў свядомым увядзенні кіраўніцтва TVP у зман адносна рэальнага кошту сваёй працы. Завышаючы кошт інфарматычных паслуг для «Белсата», ён аформіў 295 рахункаў, праз якія вывеў каля 4,2 мільёна злотых (больш за 1 мільён даляраў). Пракуратура кваліфікавала гэтыя дзеянні як давядзенне да невыгоднага распараджэння маёмасцю ў буйным памеры.

Абодва фігуранты справы катэгарычна не прызналі сваёй віны ў прад'яўленых абвінавачваннях. Каб гарантаваць далейшае правядзенне следчых дзеянняў, пракуратура прымяніла да падазраваных жорсткія меры стрымання. Кшыштаф М. абавязаны ўнесці маёмасны залог у памеры 170 тысяч злотых (каля 44 тысяч даляраў), а Шыман П. — 200 тысяч злотых (каля 51 тысячы даляраў). Дадаткова мужчынам забаронена пакідаць тэрыторыю Польшчы з канфіскацыяй пашпартоў, і яны мусяць двойчы на тыдзень адзначацца ў паліцэйскім пастарунку ў межах працэдуры нагляду.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула